Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


“Наступная гарачая кропка: Беларусь?” – пад такімі словамі сёньняшняя газэта Internacional Herald Tribune зьмясьціла фотаздымак з учорашняга Маршу Свабоды ў Горадні.

У часе падобных акцыяў пратэсту, наладжаных аб’яднанай апазыцыяй больш як у двух дзясятках гарадоў Беларусі, дэманстранты выступалі за байкот выбараў, прызначаных уладамі на 15 кастрычніка. У руках маніфэстантаў на здымку можна бачыць плякаты “Жыве Беларусь” і “Сёньня Мілошавіч – заўтра Лука”.

Амэрыканская газэта сёньня ж друкуе аналітычны артыкул, зьмест якога коратка можна выкласьці так: “Усьлед за рэжымам Слабадана Мілошавіча прыйшла чарга сысьці Аляксандру Лукашэнку.

Амэрыканская газэта Internacional Herald Tribune, якая друкуецца ў Эўропе паводле матэрыялаў Washington Post і New Yotk Times, зьмясьціла сёньня артыкул, у якім праводзіцца відавочная паралель паміж Беларусьсю й Югаславіяй. Газэта называе Аляксандра Лукашэнку апошнім кіраўніком на эўрапейскім кантынэнце, які ўсё яшчэ незаконна трымаецца ва ўладзе.

Пыхлівы дыктатар Беларусі мусіць пачувацца страшэнна самотным, – так пачынаецца перадавіца газэты. Пасьля падзеньня рэжыму Мілошавіча ў Сэрбіі на мінулым тыдні, Лукашэнка застаўся апошнім прэзыдэнтам у Эўропе, які ня быў законна перабраны на новы тэрмін. Гэтае ягонае становішча падкрэсьлівае перамогу дэмакратыі цягам апошняга дзесяцігодзьдзя і стварае цудоўную магчымасць, якую нельга абмінуцьь.

Як наступны прэзыдэнт ЗША зможа выкарыстаць гэтую магчымасць? Гэта, магчыма, ёсьць важным пытаньнем у часе цяперашняй прэзыдэнцкай кампаніі, – піша Internacional Herald Tribune у адмысловым артыкуле. Усяго 15 год таму жалезная заслона аддзяляла дэмакратычную Эўропу ад дыктатарскіх рэжымаў. Тагачасныя адміністрацыя і Кангрэс разумелі важнасьць зьнішчэньня таталітарызму. Пасьля падзеньня бэрлінскай сьцяны і распаду Савецкага Саюзу некаторыя краіны ператварыліся зь неверагоднай хуткасьцю: Польшча, Эстонія і Славенія пабудавалі дэмакратычныя інстытуты гэтак хутка, што юнае пакаленьне там ня мае ўляўленьня аб прадуктовых картках альбо палітвязьнях.

Некаторыя краіны часова адступалі, сутыкаючыся з цяжкасьцямі ў сваім руху наперад. У некаторых выпадках былыя камуністы-апаратчыкі ператвараліся ў нацыяналістаў-аўтакратаў і перакройвалі дэмакратыю на свой лад.

Цяпер усе гэтыя лідэры сышлі. Славаччына, Харватыя і вось цяпер Сэрбія могуць ганарыцца новым дэмакратычным кіраўніцтвам. Палітыка адміністрацыі прэзыдэнта Клінтана і ягоных саюзьнікаў – санкцыі й націск, дапамога дэмакратам і ўзброеная барацьба супраць агрэсіі ды злачынстваў супраць чалавечнасьці – спрыялі такому выніку. Нават спадар Лукашэнка, падобна Мілошавічу перад гэтым, адчувае неабходнасьць прыкідвацца дэмакратам. Ён прызначыў псэўдапарлямэнцкія выбары на наступную нядзелю, і ягоны ўласны тэрмін закачваецца ў наступным годзе”, – піша Internacional Herald Tribune.

Тут важна ўдакладніць некаторыя моманты, у прыватнасьці, адносна тэрмінаў перабываньня Лукашэнкі ва ўладзе. Вось што сказаў нам у тэлефоннай гутарцы з Менску былы сябра Канстытуцыйнага суду Беларусі прафэсар Міхаіл Пастухоў

(Пастухоў: ) “Выбіралі Лукашэнку па канстытуцыі 1994-га году. Тэрмін яго скончыўся 20 ліпеня 1999 году, і ніякі працяг паўнамоцтваў немагчымы. Якімі б акалічнасьцямі гэта ўсё ні абгрунтоўвалася – гэта ня мае пад сабой падставы.

Новая рэдакцыя канстытуцыі была незаконна ўведзеная ў дзеяньне пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 96-га году. Паводле афіцыйнае вэрсіі атрымліваецца, што тэрмін паўнамоцтваў Лукашэнкі скончыцца ў лістападзе 2001-га году. І тады, па новай рэдакцыі канстытуцыі, выбары мусяць быць прызначаныя не пазьней чым за чатыры месяцы да сканчэньня паўнамоцтваў – у ліпені”.

(Тарас: ) “Калі Лукашэнка раптам прызначыць выбары раней тэрміну?
Тэарэтычна ён можа гэта зрабіць. Гэта неяк зьменіць сытуацыю зь ягонай легітымнасьцю?”

(Пастухоў: ) “Абсалютна ніяк гэта не зьямяняе становішча. І я так думаю, што гэтага й не адбудзецца, паколькі прызначае выбары парлямэнт, і трэба даць абгрунтаваньне такога падыходу. Я думаю, што тут ужо розьніцы вялікай няма. Так мяркую, што ўлады будуць дзейнічаць у адпаведнасьці з новай рэдакцыяй канстытуцыі”.

Гэта была думка Міхаіла Пастухова.

Калі Захад своечасова падтрымае беларускіх дэмакратаў, піша далей Internacional Herald Tribune, і адмовіцца прызнаць сфальшаваныя выбары, беларусы могуць знайсьці ў сабе моц пайсьці шляхам сэрбаў.
Гэта ня будзе заканчэньнем праблемаў Беларусі, але толькі пачаткам барацьбы за свабоду, – гаворыцца ў артыкуле. Газэта нагадвае пра тыя цяжкія праблемы, зь якімі цяпер сутыкаецца Сэрбія. Гэта й разбураная эканоміка, і зруйнаваная натаўскімі бамбаваньнямі інфраструктура, і этнічная варажнеча, якая засталася ў спадчыну ад былога рэжыму.
Аднак, лічыць газэта, лягчэй назіраць за сытуацыяй звонку, чым рабіць рэальныя захады. Захад вывучаў рэжым Мілошавіча 10 гадоў для таго, каб хутка прыйсьці на дапамогу ў патрэбны момант. Цяпер у Захада зьявіўся другі шанец.

Кандыдат у прэзыдэнты Джордж Буш выступіў супраць пашырэньня ўплыву ЗША на пабудову іншых дзяржаваў, на разьвіцьцё дэмакратыі і падтрыманьне міру. Ён і ягоныя прыхільнікі мяркуюць, што частку Эўропы можна лічыць па-за межамі амэрыканскіх інтарэсаў. Аднак, што можа больш адпавядаць нацыянальным інтарэсам, улучна з інтарэсамі нацянальнай бясьпекі, чымся мір, дэмакратыя й свабода на ўсім эўрапейскім кантынэнце? Што можа больш адпавядаць інтарэсам ЗША, чымся распаўсюджваньне посьпяховага вопыту Польшчы ды Сэрбіі ў Беларусі? Гэтыя погляды прэзыдэнта Гары Трумэна ды іншых пасьляваенных лідэраў, як дэмакратаў, так і рэспубліканцаў, былі выказаныя паўвека таму.

Нават і цяпер няма гарантыяў, што такога выніку лёгка дасягнуць. Тым больш падставаў для Злучаных Штатаў Амэрыкі заставацца анагажаванымі ў гэтай справе, – піша Internacional Herald Tribune.

Віталь Тарас, Прага

XS
SM
MD
LG