Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Кіраўнік КНГ АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік апынуўся ў цэнтры ўвагі як дзяржаўных, гэтак і незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Дзяржаўныя падаюць як сэнсацыю ягоны ліст у Цэнтравыбаркам з просьбаю акрэдытаваць прадстаўнікоў эўрапейскае тройкі як міжнародных назіральнікаў за выбарамі ў “Палату прадстаўнікоў”, а незалежныя цытуюць спадара Віка, які нібыта прызнаўся ў сваіх намаганьнях далучыць Беларусь да Расеі. Наш карэспандэнт зьвярнуўся па камэнтар да самога кіраўніка КНГ АБСЭ…

Цягам апошніх дзён дзяржаўная тэлевізія Беларусі паказвае адно й тое ж інтэрвію Лідзіі Ярмошынай, старшыні Цэнтральнае выбарчае камісіі, дзе яна дэманструе ліст ад Ганса-Георга Віка. Спадар Вік гэтым лістом просіць акрэдытаваць усю дэлегацыю эўрапейскіх арганізацыяў на чале з кіраўніком Парляманцкай асамблеі АБСЭ Адрыянам Севярынам у якасьці міжнародных назіральнікаў на выбарах 15 кастрычніка. Тэлевізія сьцьвярджае, што Эўропа зьмяніла пазыцыю і дасылае назіральнікаў.

Я патэлефаніў спадару Віку й запытаў, ці пацьвярджае ён тое, што даслаў ліст старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай з просьбаю акрэдытаваць Адрыяна Севярына ды іншых менавіта ў якасьці міжнародных назіральнікаў на выбарах у гэтак званую “Палату прадстаўнікоў”. Вось што адказаў Ганс-Георг Вік…

(Вік: ) “Не, я маю пацьвердзіць толькі тое, што мы напісалі ў адпаведнасьці з восьмым, здаецца, параграфам пагадненьня Венскае тэхнічнае канфэрэнцыі ды запыталі статус назіральнікаў. Ён будзе назіральнікам Парляманцкай асамблеі АБСЭ”,

— сказаў пра спадара Севярына кіраўнік групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік.

На маё наступнае пытаньне, ці будзе Адрыян Севярын назіраць за выбарамі 15 кастрычніка, спадар Вік адказаў станоўча: “Будзе”.

Што да прамовы на Беластоцкай міжнароднай канфэрэнцыі, якую цытуюць радыё Палёнія і радыё Рацыя і дзе Ганс-Георг Вік нібыта заявіў, што апошнім часам КНГ АБСЭ ў Менску займалася далучэньнем Беларусі да Расеі, бо Расея больш дэмакратычная краіна, і таму праз гэта можна дэмакратызаваць Беларусь, дык спадар Вік катэгарычнае абвяргае гэтае паведамленьне:

(Вік: ) “Гэта проста нонсэнс. Я не сказаў, што хачу далучыць Беларусь да Расеі. Я памятаю свае словы пра тое, што цягам двух з паловаю гадоў я спрабаваў даваць парады ў разьвіцьці дэмакратычных інстытуцыяў і што існуе тэорыя, быццам бы гэта магло б прыйсьці праз больш шчыльную сувязь Беларусі з Расеяй, бо Расея больш плюралістычная дэмакратыя ў параўнаньні зь цяперашняй Беларусьсю. Такая тэорыя ёсьць, але я не падзяляю гэтае тэорыі”,

— заявіў Ганс-Георг Вік, кіраўнік кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску.

Юры Сьвірко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG