Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Экс-міністар сельскае гаспадаркі Васіль Лявонаў, які датэрмінова быў вызвалены з турмы напрыканцы мінулага тыдня, лічыць у сёньняшніх умовах безсэнсоўным абскарджваць сваё незаконнае зьняволеньне. Прапануем размову карэспандэнткі нашага радыё з Васілём Лявоным.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Лявонаў, віншуем Вас з выхадам на волю. Што, на Вашую думку, паспрыяла таму, каб Вас вызвалілі датэрмінова, у кастрычніку?”

(Лявонаў: ) “Тут нічога нечаканага не адбылося. Мяне маглі выпусьціць і раней — паводле закону пра амністыю”.

(Карэспандэнтка: ) “З моманту арышту Вы прайшлі праз чатыры пэнітэнцыйныя ўстановы. Ці адрозьніваюцца там умовы ўтрыманьня? Як Вы гэта адчулі на сабе?”

(Лявонаў: ) “Псыхалягічна ціснуць на мяне намагаліся ў Жодзіне. Там мясцовая адміністрацыя, усе гэтыя палкоўнікі й падпалкоўнікі, людзей да суду ўжо за людзей і ня лічаць. Зьдзекі — гэта звычайная справа. А вось ужо ў астатніх установах са мною абыходзіліся лепей, так, як і зь іншымі вязьнямі. Аніякіх паслабленьняў не было, але не было й ціску.

А, дарэчы, зьдзекі пачынаюцца з моманту абвінавачваньня і сканчаюцца толькі пасьля выхаду на волю. Пасьля суду ў іншых краінах намагаюцца дапамагчы чалавеку выправіцца, а ў нас ня толькі зьневажаюць чалавечую годнасьць, але й нават пазбаўляюць чалавечага выгляду. У нас насамрэч няма папраўчых калёніяў, а ёсьць мейсцы, дзе адбываецца помста. Я думаю, што, паколькі Беларусь усё ж хоча звацца эўрапейскай краінаю, дык апошнім часам чыноўнікі вымушаныя трохі паляпшаць умовы ўтрыманьня”.

(Карэспандэнтка: ) “Якія Вашыя пляны на бліжэйшы час?”

(Лявонаў: ) “Перш за ўсё я мяркую трохі падлячыцца. Трэба заняцца сваім здароўем. Маю намер сам вывучыць абстаноўку ў Беларусі й па-за межамі, а толькі потым прымаць нейкае рашэньне.

Адно толькі магу казаць цьвёрда: я зь дзяцінства ўмеў гадаваць сады і буду гэтым займацца, але гэта ня будзе маёй асноўнай працаю. Да мяне прыходзілі прапановы на працу нават і ў турму, але пакуль ні на што не пагаджаўся”.

(Карэспандэнтка: ) “Апошнім часам многія шукаюць лепшага жыцьця за межамі Беларусі. Ці ёсьць у Вас жаданьне зьехаць адсюль?”

(Лявонаў: ) “Ніколі! Гэта дакладна. Я на гэтай зямлі нарадзіўся, тут пахаваныя мае сваякі, маці, браты. Бацька мой загінуў на фронце, ён пахаваны пад Калініным. А тое, што тут вакол мяне было… Я ўпэўнены — скончыцца гэты рэжым, скончыцца й перасьлед. Для мяне гэта пытаньне прынцыповае. Ехаць адсюль нейкім злодзеям, які скраў памідоры й каўбасу, я не зьбіраюся”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці маеце Вы намер скардзіцца ў пракуратуру?”

(Лявонаў: ) “Не. У нас няма генпракуратуры. Гэта паслугач рэжыму. Я магу гэта пацьвердзіць. Тут закон ня дзейнічае, бо, калі б ён дзейнічаў, я б туды ня трапіў. Адно толькі — хачу падзякаваць журналістам і радыё Свабода за маральную падтрымку. За гэта вам дзякуй”.

(Карэспандэнтка: ) “Мы жадаем Вам здароўя і посьпехаў”.

(Лявонаў: ) “Дзякуй”.

Любоў Лунёва, Менск

XS
SM
MD
LG