Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 7 кастрычніка)
Экс-міністар сельскае гаспадаркі Васіль Лявонаў выйшаў на волю па амністыі.
На год меншым стала пакараньне й для дэпутата Ўладзімера Кудзінава, адносна якога таксама выкарыстаная амністыя.
Павал Шарамет не выключае, што апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага выкралі для нейкай будучай апэрацыі супраць аднаго зь лідэраў апазыцыі.

Васіль Лявонаў на волі. Пра гэта стала вядома ўчора ад дачкі Лявонава Сьвятланы, якая распавяла, што да бацькі была выкарыстаная амністыя і зьняты год зьняволеньня. А з таго, што ён адседзеў за кратамі амаль тры гады з чатырох, дык меў права на датэрміновае вызваленьне. Хутчэй за ўсё Васіль Лявонаў чакаў бы літасьці ўлады яшчэ два месяцы, калі дакладна споўніцца тры гады ягонай адсідцы, але адбылося тое, што міжволі паскорыла вызваленьне. У Васіля Лявонава памёр брат, і, па выхадзе з турмы, былы вязень паехаў не дадому, а на пахаваньне.

Дачка Сьвятлана распавядае.

(Сьвятлана: ) “Ён зьехаў таму, што памёр яго малодшы брат Іван Севасьцянавіч Лявонаў. Мы яго пахавалі ў чацьвер. Гэта было ў Клімавічах, на радзіме майго бацькі, у вёсцы Дубяец Клімавіцкага раёну”.

Паводле Святланы Ўласавай, якая пакуль па-ранейшаму быццам прэсавы сакратар свайго бацькі, Лявонаў у сваіх заявах пра датэрміновае вызваленьне неаднойчы згадваў сьмяротную хваробу брата. Лявонаў прасіў вызваліць яго, пакуль брат яшчэ жывы. Але ўлады абыйшліся з экс-міністрам як звычайна бесчалавечна жорстка. Вызваленьне было атрыманае разам са зьвесткамі пра дзень пахаваньня.

Якімі будуць далейшыя пляны Васіля Лявонава, дакладна пакуль невядома. Сьвятлана Ўласава на гэты конт кажа.

(Сьвятлана: ) “Няма пакуль ніякіх плянаў. Пакуль нічога ня ведаенм. Стан яго здароўя ня вельмі добры. Трэба лекі, трэба ў якую-небудзь установу пралячыцца. Вось пакуль гэтым і зоймемся”.

Як аказалася, прыкладна ў той жа час, калі вырашалася пытаньне з вызваленьнем Лявонава, амністыя закранула й дэпутата Вярхоўнага Савету, вязьня менскае калёніі Ўладзімера Кудзінава. Яму прыйдзецца сядзець у турме на год меней. Вось што паведаміла жонка Кудзінава Зоя.

(Кудзінава: ) “У нас добрыя навіны ёсьць. З Валодзі зьнялі два спагнаньні і год па амністыі. Засталося яшчэ год і чатыры месяцы”.

Зоя Кудзінава аднак папярэдзіла, што асаблівых спадзяваньняў на вызваленьне мужа з амністыяй ня зьвязвае. Ім варта чакаць увядзеньня новага Крымінальнага кодэксу. Паводле якога інкрымінаванае Ўладзімеру злачынства кваліфікуецца не як цяжкое. “Ён бы ўжо быў на волі, калі б прынялі гэты кодэкс, але ўлады наўмысна зацягваюць ягонае ўвядзеньне. Бо прыйдзецца вызваляць тысячы людзей, якіх ужо залічылі да вялікіх злодзеяў”, — лічыць Зоя Кудзінава.

І напрыканцы цытата з Паўла Шарамета пра зьніклых беларускіх палітыкаў Віктара Ганчара, экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранку, Анатоля Красоўскага і апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. “Мне здаецца, што Зьмітра Завадзкага скралі дзеля нейкае спэцапэрацыі — паведамляе супрацоўнік расейскае тэлевізіі Павал Шарамет у газеце “Народная Воля” — скраданьне Захаранкі й Ганчара было самадастатковым мерапрыемствам. І той, і другі ўяўлялі пагрозу для Лукашэнкі, упэўнены Шарамет. Ён кажа, што на 100 адсоткаў перакананы ў дачыненьні да іхнага зьнікненьня Аляксандра Лукашэнкі.

А вось зьнікненьне Завадзкага самадастатковым назваць нельга, мяркуе журналіст. Таму што Завадзкі нібыта не уяўляў ніякае пагрозы для Лукашэнкі. І калі Завадзкага скралі спэцслужбы, дык дзеля нейкае спэцапэрацыі ў будучыні. Напрыклад, каб дыскрэдытаваць каго зь лідэраў апазыцыі. Вось чаму Павал Шарамет мяркуе, што Зьміцер Завадзкі яшчэ можа зьявіцца.

Што да мяне. Дык я ўпэўнены і ў зьяўленьні калі-небудзь Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Няма ніякіх падставаў лічыць, што ў іх няма шанцаў на вяртаньне. Будзем усе ў гэта верыць і хаця б гэтым ім дапаможам.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG