Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


“Віцебск — адзіны горад, дзе сёньня праводзіліся ня толькі мітынг, але й шесьце. І гэтае ёсьць заслугай людзей, якія тут сабраліся”, — гэткімі словамі пачаў свой выступ з прыступкаў філярмоніі на цэнтральным пляцы Леніна намесьнік старшыні БСДП (НГ) Аляксей Кароль.

Мітынг завершыў двухгадзінную акцыю за свабодныя дэмакратычныя выбары “Марш Свабоды-3”. А пачыналася ўсё з таго, што людзі, якія прыходзілі да Ратушнай плошчы, бачылі тузін міліцэйскіх машын, чалавек дваццаць ў “блакітных” плямістых строях. Па-за будынкам філярмоніі хаваўся КАМАЗ з чырвоным нумарам, набіты вайскоўцамі ў плястыкавых шлемах і з аўтаматамі.

Зьбянтэжаныя мінакі спяшаліся хутчэй праскочыць гэтае небясьпечнае месца.

Але ўдзельнікі шэсьця спакойна разгортвалі сьцягі, уздымалі харугвы, бралі ў рукі плякаты з заклікамі да байкоту выбараў, з параўнаньнем Лукашэнкі зь Мілошавічам. Асаблівую ўвагу прыцягвалі плякаты-карыкатуры, якія падрыхтавалі мясцовыя мастакі. Як заўжды ўсё актыўна здымалася на камэру людзьмі ў цывільным.

У каляровым натоўпе побач зь мініяцюрнай Людмілай Гразновай вылучалася чырвоная майка дэпутата вярхоўнага Савету Валерыя Шчукіна, які ўжо па традыцыі прыяжджае на акцыі ў Віцебск.

Сярод удзельнікаў пераважала моладзь. Трапяталі сьцяжкі маладых сацыял-дэмакратаў, соўгаліся падлеткі з вайскова-спартовага клюбу “Мядзьведзь”, гуртаваліся рокеры і мясцовыя анархісты. Арганізавана станавіліся ў шэрагі юнакі і дзяўчаты — прыхільнікі АГП. Усіх зьдзівіла прысутнасьць фанатаў магілеўскага “Дняпра”.

Калі калёна рушыла па вуліцы Суворава, ініцыятыву ўзяў на сябе Павал Севярынец, лёзунгі якога падхоплівалі ня толькі паплечнікі з маладога фронту, але й уся моладзь.

Гэта была ня самая вялікая акцыя ў Віцебску за апошні год. Аднак тыя чатыры сотні чалавек, якія ўважліва слухалі выступоўцаў на мітынгу, адчувалі сябе адказнымі за тое, што творыцца ў краіне. І нездарма амаль у кожнай прамове як прыклад гучала перамога дэмакратыі ў Югаславіі. І ў аднагалосна прынятай рэзалюцыі было сказана: “Фарс ня мае нічога агульнага з сапраўднымі выбарамі. Натхнёныя падзеямі ў Югаславіі мы заклікаем іх байкатаваць!”

Алег Жукоўскі, Віцебск

XS
SM
MD
LG