Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Магілеве ў межах Маршу Свабоды-3 у Камсамольскім сквэры прайшла сустрэча з выбаршчыкамі, у якой бралі ўдзел Васіль Шлындзікаў і Людміла Карпенка. На сустрэчу прыйшло каля 300 магілеўцаў. Мітынг у сквэры напярэдадні быў забаронены.

Арганізатары раздавалі людзям улёткі і тлумачылі, чаму ня трэба хадзіць на выбары. Людзі, што прыйшлі на сустрэчу, падтрымалі выступоўцаў. Вось думка магілеўца Андрэя Дзігуна:

(Дзігун: ) “Сэнсу ўдзельнічаць у выбарах няма, умоваў для нармальных выбараў ня створана. Апрача таго, кандыдаты, які пажадалі ўдзельнічаць у выбарах, ня змогуць рэальна нічога вырашыць”.

Васіль Шлындзікаў гаварыў пра эканамічную сытуацыю і шляхі выхаду з эканамічнага крызісу. Людміла Карпенка выказала ўшпэўненасьць, што яе муж, Генадзь Карпенка, не памёр, а быў забіты.

Гаварылася на мітынгу, што ніводзін з дэмакратаў Магілеўшчыны ня быў зарэгістраваны, ніводзін з апазыцыянэраў ня трапіў у выбарчыя камісіі. Тэмы плякатаў: “Выбары ў кішэнную палату – падман народа” і “Байкот фальшывым выбарам”.

Затрыманьняў не было, хоць непадалёк стаяў аўтобус з міліцыянтамі.

Гаворыць Васіль Шлындзікаў:

(Шлындзікаў: ) “Гэта важна, што столькі людзей не спалохаліся афіцэраў у цывільным і міліцыянтаў і прыйшлі на сустрэчу. Гэта гаворыць аб тым, што зьмены ў краіне непазьбежныя. Ня зараз, дык пасьля”.

Аляксандар Сердзюкоў, Магілеў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG