Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


У Горадні ў мітынгу і шэсьці ўзялі ўдзел каля 2 тысяч чалавек. Перд імі выступіў старшыня БНФ Вінцук Вячорка. Акцыі апазыцыі адбыліся таксама ў Слоніме і Лідзе.

(Радкевіч: ) “Як адбываліся акцыі ў Горадні? Там, як нам вядома, акцыя была дазволеная”.

(Астраўцоў: ) “Сёньня ў нас адбылася сустрэча з выбаршчыкамі і шэсьце, у якім узялі ўдзел каля 2-х тысячаў чалавек. Пачалася яна выступам мастака Дзьмітрыя Іваноўскага. Ён, а пасьля настаўніца Ірына Данілоўская, заявілі, што асабіста яны ўдзельнічаць у выбарах ня будуць.

Затым Мікола Воран зачытаў зварот сваіх суседзяў у Цэнтральную выбарчую камісію, у якім яны адмаўляюцца браць удзел у выбарах.

Кінулася ў вочы тое, што ўпершыню сярод сабраных было шмат падлеткаў. Нават гадоў па 10. На грудзях яны прышпілілі карткі з надпісам “Патрабую сапраўдных выбараў”. Хаця яны – выбаршчыкі будучыя”.

(Радкевіч: ) “Сяргей, ці былі выступоўцы зь Менску? Бо, як мы ведаем, прадстаўнікі Каардынацыйнай рады дэмакратычных партыяў мусілі наведаць усе рэгіёны, дзе адбываюцца акцыі”.

(Астраўцоў: ) “Для сабраных сапраўды быў нечаканым выступ старшыні БНФ Вінцука Вячоркі. Ён нагадаў пра югаслаўскі прыклад і на беларускай, сэрбзкай і ангельскай мовах сказаў “Сёньня - Мілошавіч, заўтра – Лука”. Прамоўца падкрэсьліў, што выбары Палаты пагражаюць узаконеньнем саюзнай дамовы з Расеяй. Няўдзел у фарсе бароніць незалежнасьць, як сказаў старшыня БНФ. Пасьля гэтага была прынятая рэзалюцыя з асуджэньнем недэмакратычных выбараў. Пасьля сабраныя калёнай прайшлі па вуліцах. Падрыхтаваная да дзеяньняў міліцыя, загаду спыніць шэсьце не атрымала. Зьвестак пра затрыманьні пакуль няма”.

(Радкевіч: ) “Сяргей, як нам вядома, сёньня і ў Гарадзенскай вобласьці ў некаторых гарадох павінныя былі адбыцца акцыі апазыцыі. У прыватнасьці, у Слоніме і Лідзе. Ці ёсьць інфармацыя адтуль?”

(Астраўцоў: ) “У Слоніме быў пікет, дазволены ўладамі. Некалькі дзесяткаў чалавек каля дзьвюх гадзінаў раздавалі ўлёткі з заклікам да байкоту выбараў. Усё прайшло спакойна. У Лідзе ўлады мітынгу не дазволілі. Тады на плошчу Леніна апазыцыя выйшла і правяла сустрэчу з выбаршчыкамі. Сабраліся людзі, пайшлі да Кургану славы. Міліцыя таксама іх не чапала. Людзей было няшмат, некалькі дзесяткаў чалавек”.

(Радкевіч: ) “Ці гэтая акцыя нечым адметная ў параўнаньні зь іншымі гарадзенскімі акцыямі апазыцыі?”

(Астраўцоў: ) “Усё адбылося вельмі зладжана. Добра. Людзі навучыліся выступаць сьцісла. І істотна”.

Сяргей Астраўцоў, Горадня

XS
SM
MD
LG