Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Беларуская тэлевізія ў рэклямным роліку з заклікам да выбараў, які часта пачалі паказваць, пачынаючы ад учорашняга дня, даўмелася падаць на экране ўзор бюлетэню для галасаваньня, дзе пазначана прозьвішча кандыдата Іванова, але з сапраўднай адрэсаю. Наш карэспандэнт высьветліў рэакцыю людзей, якія там жывуць.

“Іваноў Іван Іваныч”, менавіта так, непісьменна — “Іваныч”, — а не “Іванавіч”. Толькі гэты кандыдат у гэтак званую «Палату прадстаўнікоў» штодня ды амаль кругласутачна рэклямуецца Беларускай тэлевізіяй, якая нават паказвае, што ды як трэба рабіць зь ягоным прозьвішчам у бюлетэні.

Усё, што мы ведаем пра галоўнага кандыдата ў палату — “Іваныч” нарадзіўся ў 1947 годзе, працуе ў сярэдняй школе №51 ды жыве ў кватэры 2 на праспэкце Пушкіна, 15.

Я патэлефанаваў у гэтую кватэру ў Менску і даведаўся, што “Іваныч” там не жыве. Гаспадар кватэры адмовіўся назваць сваё прозьвішча, але запэўніў мяне, што ён не Іваноў:

(Карэспандэнт: ) «Скажыце, калі ласка, як Вы ставіцеся да таго, што Вашая адрэса — праспэкт Пушкіна, 15, кватэра 2 — кожны дзень па некалькі разоў дэманструецца на Беларускай тэлевізіі?»

(Не-Іваноў: ) «Першы раз такое чую. Гэта найпаўнейшая памылка. Прабачце, гэта нейкая блытаніна. І нейкая дурная блытаніна. Тут аніякі Іваноў не пражывае.

І аніякіх, прабачце, гэтых рэчаў мы ня ведаем і ведаць ня хочам — нам гэта зусім не патрэбна», — заявіў жыхар кватэры №2 на праспэкце Пушкіна, 15 у Менску.

Але такая самая адрэса маецца яшчэ і ў Магілеве. Я патэлефанаваў тамтэйшаму “Іванычу” ды паведаміў пра творчую знаходку БТ.

(Карэспандэнт: ) «Можна даведацца — вашае прозьвішча не Іваноў, не Іванова?»

(Сецярыкова: ) «Не, Сецярыкова Сьвятлана Міхалаўна».

(Карэспандэнт: ) «А Вашае стаўленьне асабістае да таго, што Вашую адрэсу паказваюць на тэлевізіі кожны дзень?»

«Увогуле, ня вельмі гэта прыемна, вядома. Ну, бачыце, Пушкіна — я лічу, што ў любым горадзе можа быць, гэта ня толькі магілеўская адрэса. Я наогул Беларускую тэлевізію не гляджу і рэкляму таксама імкнуся не глядзець», — паведаміла спадарыня Сецярыкова з Магілеву.

Калі “Іваныч” з праспэкту Пушкіна ёсьць у кожным бюлетэні, што дэманструецца Беларускай тэлевізіяй, дык Пятро Пятровіч Пятроў пазначаны толькі ў адным — як канкурэнт “Іваныча”. Спадар Пятроў жыве на вуліцы Захарава, 56, кватэра №67, працуе ў клініцы №7 ды на шэсьць год маладзейшы за “Іваныча”. Гэта таксама рэальная менская адрэса, але тэлефон там сёньня не адказваў.

Юры Сьвірко, Менск

XS
SM
MD
LG