Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла зьвярнулася да беларускага народу з заклікам байкатаваць выбара 15 кастрычніка.

“У гісторыі кожнага народу, як і ў жыцьці кожнага чалавека, ёсьць ключавыя мамэнты, ад якіх можа залежаць будучыня гэтага народу ці гэтага чалавека, – адзначаецца ў звароце Старшыні Рады БНР. – І вось такім ключавым мамэнтам для Беларусі будзе дзень 15 кастрычніка 2000 году, калі народ будзе мець змогу сказаць дыктатарскаму рэжыму, што хопіць зьдзеквацца над ім ды ілгаць яму, што ён таксама мае права быць вольным у сваёй дзяржаве ды сам вырашаць свой лёс, што ён тады толькі пойдзе галасаваць, калі выбары ня будуць насьмешкай над ягоным розумам і над ягонай годнасьцю”.

“Не дарма ўлады, – піша далей Івонка Сурвілла, – не дапускаюць апазыцыю да сродкаў масавай інфармацыі. Лукашэнка і ягоныя маскоўскія паплечнікі добра разумеюць, што найбольшая для іх небясьпека – гэта праўда. Звычайная праўда. Праўда, якую ўвесь сьвет ведае, апрача вас, дарагія мае суродзічы. Бо ўлады дазваляюць вам чуць і бачыць толькі тое, што яны хочуць, каб вы чулі і бачылі.

Праўда пра Беларусь – гэта ізаляцыя, у якой знаходзіцца нашая краіна, дзякуючы стараньням уладаў, і дзеля якой вашае жыцьцё робіцца штораз цяжэйшым. Праўда пра Беларусь – гэта эміграцыя здольнай і працавітай моладзі, якая ня можа сабе зарабіць на людзкія ўмовы жыцьця на Бацькаўшчыне, бо рэжыму не патрэбныя людзі зь ведамі і зь ініцыятывай. Лягчэй кіраваць тымі, якія моўчкі задавольваюцца кусочкам хлеба з салам ды кубкам радыяцыйнага малака… Праўда – гэта куды лепшае жыцьцё ў іншых краінах, якіх кіраўнікі дбаюць аб дабрабыце сваіх людзей, а не стараюцца прадаць іх чужой імпэрыі за пару чырвонцаў. Праўда – гэта небясьпека, якая пагражае нашай дзяржаве страціць найбольш цэнныя яе каштоўнасьці, яе свабоду і незалежнасьць”.

“Дыктатар ня хоча, каб людзі чулі праўду, бо добра ведае, што калі б да народу дайшла яна, дык народ бы пагнаў яго так, як румыны пагналі Чаўшэску, а сэрбы цяпер гоняць Мілошавіча”, – адзначае Старшыня Рады БНР і заклікае: – Дарагія суродзічы, не дазваляйце вашым ворагам зьдзеквацца над вамі. Пакажыце сьвету, што вы – паўнавартасны, жыцьцяздольны народ. Ня йдзеце галасаваць 15 кастрычніка, бо голас ваш будзе лічыцца падтрымкай варожага вам акупацыйнага рэжыму. Зрабіце з гэтае даты ключавы момант у гісторыі нашага народу, каб сталася яна пачатком новай эры ў жыцьці вольнай, незалежнай і заможнай Беларускай Дзяржавы”,

– піша ў лісьце да беларускага народу Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG