Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Беларусі спажываньне алькаголю складае 11 літраў на чалавека ў год. Паводле Ўсясьветнай Арганізацыі Аховы Здароўя, 8 літраў на чалавека ў год — той парог, вышэй за які пачынаецца выраджэньне нацыі. Пра гэта паведаміў сёньня ў часе прэсавае канфэрэнцыі галоўны лекар Менскага наркалягічнага дыспансэра Сяргей Малочка. Ён таксама зрабіў шэраг крытычных заўваг да надоечы прынятай дзяржаўнай антыалькагольнай праграмы.

Пад час прэсавае канфэрэнцыі галоўны лекар Менскага наркалягічнага дыспансэру Сяргей Малочка распавёў пра катастрафічную сытуацыю са спажываньнем алькаголю ў Беларусі.

Распавядае Сяргей Малочка:

“У Беларусі спажываньне алькагольных напояў складае 11 літраў на душу насельніцтва ў год. У Расеі гэтая лічба складае 9 літраў на чалавека, ва Ўкраіне — 4,5 літра. Паводле Ўсясьветнай Арганізацыі Аховы Здароўя, 8 літраў на чалавека — парог, вышэй за які пачынаецца выраджэньне нацыі.

У Беларусі колькасьць асобаў, якія стаяць на ўліку, як хворыя на алькагалізм, зараз складае 174 тысячаў чалавек. А ў Менску гэта прыблізна 32 тысячы чалавек. Але гэтыя лічбы, на мой погляд, не адлюстроўваюць нічога”, — зазначыў галоўны лекар Гарадзкога наркалягічнага дыспансэру Сяргей Малочка.

Ён таксама паскардзіўся на ўмовы, у якіх працуюць ўрачы-нарколягі. У Беларусі няма ніводнае навуковае ўстановы для падвышэньня кваліфікацыі ў сфэры наркалёгіі. Бліжэйшая катэдра наркалёгіі ў Маскве, а беларускім нарколягам не фінансуюць падвышэньне кваліфікацыі ў іншых краінах. Што да колькасьці нарколягаў, дык іхны штатны склад быў зацьверджаны яшчэ ў 76 годзе, і дагэтуль не павялічваўся. Тады як колькасьць беларусаў, хворых на алькагалізм, істотна падвысілася.

Сяргей Малочка таксама зрабіў шэраг заўвагаў да новае дзяржаўнае антыалькагольнае праграмы. На ягоную думку, яна не атрымае адпаведнага фінансаваньня з боку дзяржавы. Урач таксама адзначыў, што ў праграме не прадугледжанае зьмяненьне цэнаў на алькагольныя вырабы — у бок падаражэньня моцных сьпіртовых напояў.

Адказваючы на пытаньне карэспандэнта радыё Свабода адносна эфэктыўнасьці й неабходнасьці гэтак званых лячэбна-працоўных прафілякторыяў — ЛТП, спадар Малочка падкрэсьліў, што ён ня лічыць такія ўстановы лячэбнымі. ЛТП цяпер выкарыстоўваюцца для ізаляцыі хворых на алькагалізм людзей, якія сацыяльна небясьпечныя. Гэта не лячэбная, а працоўная тэрапія, — зазначыў Сяргей Малочка.

Ганна Соусь, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG