Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Як менчукі ставяцца да апошніх падзеяў у Югаславіі? Адказ на гэтае пытаньне шукаў на вуліцах гораду наш карэспандэнт.

Менчукі ня надта сочаць за падзеямі ў Югаславіі. На пытаньне “Ці цікавіцеся Вы разьвіцьцём сытуацыі на Балканах?” людзі пераважна адказвалі адмоўна. Спасылаліся на недахоп часу, што йснуюць больш важныя праблемы:

(Мінак: ) “Не, няма часу”.

(Мінак: ) “Не, а якія там падзеі?”

(Мінак: ) “Не, у мяне заўтра залік”.

(Мінак: ) “Усіх падрабязнасьцяў мы ня ведаем”.

(Міначка: ) “Не сачу”.

(Міначка: ) “Наогул палітыкай не цікаўлюся”.

А вось тыя людзі, якія зацікавіліся падземі на вуліцах Белграду, успрымаюць іх па-рознаму:

(Міначка: ) “Ну, канешне, жахліва. Тое, што ўчора па тэлевізары паказвалі…”

(Мінак: ) “Я б сам туды паехаў паваяваў з задавальненьнем”.

(Мінак: ) “Нашто гэтая вайна патрэбная?”

(Мінак: ) “Маё стаўленьне такое. Злучаныя Штаты паводзяць сябе ў ролі міжнароднага жандара, каб зьнішчыць апошні рэгіён славянства на Балканах”.

(Міначка: ) “Я думаю, што павінна быць так, як хоча народ”.

Мае суразмоўцы, так ці йнакш, суадносілі югаслаўскія падзеі зь цяперашняй сытуацыяй у Беларусі:

(Мінак: ) “Югаславія – стартавая пляцоўка, тое самае можа адбыцца ў нас ў Беларусі”.

(Міначка: ) “Нейкая трывога ёсьць, што можа быць у будучым нейкая паралель. Але я думаю, што беларусы разумныя людзі. Час у нас ёсьць да выбараў прэзыдэнта. Хаця паралелі, канешна, можна праводзіць, і гэта нас турбуе”.

(Мінак: ) “У нас народ такі, што ў нас адно аднаго будууць біць. У нас выйдуць і такія ж як мы бедныя людзі пачнуць нас жа гнаць з гэтай дэманстрацыі. У нас не атрымаецца гэтага. Справа ў тым, што ў іх на кожнага дзясятага даводзіцца адзін міліцыянт, а ў нас дзесяць міліцыянтаў на аднаго грамадзяніна Беларусі. Прэзыдэнт ужо зрабіў так, каб ніхто ня выйшаў”.

Людзі, якія не задаволеныя сёньняшняй беларускай уладаю, пераважна ня вераць, што ў Беларусі магчыма зьмяніць вышэйшае кіраўніцтва краіны дэмакратычным шляхам, праз выбары. Некаторыя суразмоўцы, у якасьці адзінага шляху да пераменаў бачаць акцыі непадпарадкаваньня. Але асаблівае ўпэўненасьці менчукоў у выніковасьці для Беларусі такога шляху пачуць мне сёньня не давялося:

(Мінак: ) “Даўно пара нам закруціць гэтую справу ўсю. Лукашэнку – цюк і ўсё…Калі ёсьць жаданьне, дык заўсёды атрымаецца”.

(Мінак: ) “Мірным шляхам зьмены кіраўніцтва не адбудзецца, бо камуніст ва ўладзе. Трэба адхіліць камуніста ад улады. Наш народ яшчэ не паразумнеў, і калі пачынаеш зь імі гаварыць, дык яны не разумеюць, кажуць, што трэба, каб вайны не было. А яны ня ведаюць, што нам наадварот вайну навязваюць гэтым голадам, тым, што нас мучае зараз Лукашэнка”.

Ягор Маёрчык, Менск

XS
SM
MD
LG