Сёньня на судовым працэсе карэспандэнта Радыё Свабода Андрэя Бабіцкага
у Махачкале пракурор папрасіў прызнаць журналіста вінаватым і пакараць
яго штрафам у 150 мінімальных заробкаў.
Працэс у Савецкім судзе Махачкалы пачаўся ў панядзелак. Больш чым паўгады
пракуратура вяла сьледчыя дзеяньні, спрабуючы даказаць вінаватасьць журналіста.
Бабіцкага абвінавачваюць паводле часткі трэцяй артыкулу 327-га Крымінальнага
кодэксу Расейскай Фэдэрацыі ў сьвядомым выскарыстаньні падробленых дакумэнтаў.
Нагадаем, што пасьля таго, як на працягу некалькіх тыдняў людзі з расейскіх
спэцслужбаў прымусова ўтрымлівалі яго, Бабіцкаму было прапанавана скарыстаць
пашпарт на іншае імя, каб выйсьці з палону. Ён быў затрыманы міліцыяй,
і была ўзбуджаная крымінальная справа.
Гісторыя з Андрэем Бабіцкім акцэнтавала ўвагу ўсясьветнай супольнасьці
на стаўленьні Крамля да свабоды слова і на мэтадах, якія скарыстоўваюць
расейскія ўлады ў Чачні. Падзеі вакол Бабіцкага ўспрымаліся як помста ўладаў
за незалежную пазыцыю. Паводле прапановы Алены Боннэр, Бабіцкі быў ўзнагароджаны
прэміяй АБСЭ, аднак расейскія ўлады ня выпусьцілі яго ў Бухарэст на цэрымонію
ганараваньня прэміяй.
Старшынюе на судзе судзьзя Ігар Ганчароў, у якасьці абвінаваўцы выступае
начальнік аддзелу пракуратуры Дагэстану Рашыдхан Магамэдаў. На судзе Бабіцкі
не прызнаў сябе вінаватым.
Выглядае, што нягледзячы на даволі доўгі тэрмін сьледства, пракуратура
мае пэўныя цяжкасьці з доказам віны Бабіцкага.
Даволі паказальныя ў гэтым сэнсе паводзіны міліцыянта Гусэйнава, які
выступае на працэсе ў якасьці сьведкі. Менавіта ён затрымліваў Бабіцкага,
калі той пакінуў тэрыторыю Чачні. Спачатку міліцыянт заявіў, што ў той
дзень Бабіцкі аразу назваў сваё сапраўаўднае прозьвішча, і толькі потым
паказаў пашпарт на імя Мусаева. Такое сьведчаньне цалкам парушала вэрсію,
якую высунула пракуратура, і пацьвярджала, што Бабіцкі, па-першае, з самага
пачатку ня меў намеру падманваць прадстаўніка дзяржавы, а па-другое, скарыстаў
сумнеўны дакумэнт выключна ў мэтах уласнае бясьпекі. Што выстаўляе Бабіцкага
не ў асобе зламысьніка, як таго дамагаецца пракуратура, а – ахвярай. Бабіцкі
заявіў на судзе, што ня меў ніякага іншага выбару, акрамя як скарыстаць
перададзены яму пашпарт.
Дык вось, на судзе высьветлілася, што ў пісьмовых паказаньнях міліцыянта
ўтрымліваецца іншая версія падзеяў, а ў рапарце на імя міністра ўнутраных
справаў – трэцяя вэрсія.
Шэраг наглядальнікаў адзначаюць пэўны парадокс, які палягае ў тым, што
Бабіцкі, які ў сьвеце ўспрымаецца як ахвяра, фігуруе на судзе ў якасьці
абвінавачанага. Пра гэта сказаў журналістам і адвакат Бабіцкага Генры Рэзьнік.
Сам Бабіцкі не выключае магчымасьці падаць сустрэчны пазоў да шэрагу службовых
асобаў, якія спачатку арганізавалі ягоны гэтак званы “Абмен” на расейскіх
вайскоўцаў, а потым хавалі інфармацыю пра месцазнаходжаньне журналіста.
Пакараньне, якое сёньня запрасіў прадстаўнік пракуратуры, самае мяккае
– артыкул, паводле якога судзяць Бабіцкагга, прадугледжвае і зьняволеньне
на тэрмін да шасьці месяцаў. Для пракуратуры, аднак, прынцыпова істотна
абвесьціць Бабіцкага вінаватым. Бо ў супрацьлеглым выпадку ўся гісторыя
вакол Бабіцкага пацьвердзіць маральную заганнасьць пазыцыі ўладаў.
Сяргей Навумчык, Прага
Самае папулярнае
1