Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Учора стала вядома, што незалежны кандыдат Аляксандар Ігнацюк, які балятуецца ў Століне ў адной акрузе з былым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Іванам Пашкевічам, пастановаю акруговае камісіі адхілены ад удзелу ў выбарах.

Уціск на незалежнага кандыдата, заснавальніка газэты “Вячэрні Столін” Аляксандра Ігнацюка распачаўся адразу пасьля рэгістрацыі. Былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Івана Пашкевіч у сваёй заяве ў выбарчую камісію паведаміў, што ягоны канкурэнт Ігнацюк нібыта мае прыбыткі, ня ўнесеныя ў дэклярацыю. Адразу ж была створаная адмысловая камісія з прадстаўнікоў розных кантрольных службаў, супрацоўнікі якой ужо пасьля рэгістрацыі цягам некалькіх тыдняў спрабавалі знайсьці легальную нагоду да адхіленьня незалежнага кандыдата ад удзелу ў выбарах.

У выніку кантралёры знайшлі 5 тысячаў рублёў, якія спадар Ігнацюк мусіў быў атрымаць летась у якасьці прэміі ў газэце “Вечерний Брест” і не пазначыў у дэклярацыі. Але цікава, што ўласна Ігнацюк гэтыя грошы не атрымліваў. За яго атрымала грошы й падпісалася ў грашовай ведамасьці ягоная калега Вольга Карват…

(Карват: ) “Так, сапраўды, гэтыя грошы атрымала я, і ў ведамасьці стаіць менавіта мой подпіс, а ня подпіс Ігнацюка”.

Гаварыла Вольга Карват.

Аднак, нягледзячы на гэта, мяйсцовая выбарчая камісія вырашыла адхіліць Аляксандра Ігнацюка ад удзелу ў выбарах. Сёньня спадар Ігнацюк накіраваў скаргу на дзеяньні Столінскае выбарчае камісіі ў Цэнтральную выбарчую камісію.

А ў суседнім Пінску напярэдадні зьявіліся перадвыбарчыя плякаты кандыдата, палкоўніка памежных войскаў Юрыя Андрэева, якога ўсяляк падтрымліваюць мяйсцовыя ўлады. Цікава, што на плякатах увогуле няма выходных дадзеных — ня ўказаны нават наклад і мейсца, дзе гэтыя агітацыйныя матэрыялы надрукаваныя. Аднак выбарчая камісія Пінскай гарадзкой выбарчай акругі №14 на гэтае парушэньне аніяк не адрэагавала.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG