Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Намесьнік міністра культуры Беларусі Юры Цьвяткоў заявіў, што ва ўсіх дзяржаўных установах (культурных ды іншых) кіраўнікоў трэба толькі прызначаць, а не выбіраць. Гэтую заяву ён зрабіў у часе прэсавае канферэнцыі з нагоды Дня працаўнікоў культуры.

Міністар культуры Беларусі Аляксандар Сасноўскі на сустрэчу з журналістамі не прыйшоў, спаслаўшыся на справы ў “Палаце прадстаўнікоў” — там сёньня прымалі дзяржаўны бюджэт.

Да фінансаваньня ў кіраўнікоў сфэры культуры традыцыйна шмат прэтэнзіяў. У беларускіх установах культуры цяпер занята больш як 48 тысячаў чалавек. І менавіта ў іх — бібліятэкараў, супрацоўнікаў музэяў і клюбаў — самыя нізкія заробкі. Юры Цьвяткоў у зьвязку з гэтым назваў сёньняшніх працаўнікоў культуры сапраўднымі энтузыястамі.

На пытаньне карэспандэнта радыё Свабода пра канфлікт у тэатры “Вольная сцэна” і далейшы лёс творчага калектыву тэатру, спадар Цьвяткоў адказаў наступным чынам.

(Цьвяткоў: ) “Што адбываецца ў тэатры? Мне здаецца, што тут нашыя СМІ і, можа, нейкія іншыя зацікаўленыя колы стварылі штучнае становішча. Тэатр беларускай драматургіі – гэта таксама дзяржаўная ўстанова. А ў дзяржустанове – гэта звычайная зьява, што кіраўнік (альбо мастацкі кіраўнік, альбо дырэктар) прызначаецца вышэйшай установай. Няхай гэта будзе не Міністэрства культуры, мабыць, гэта будзе Савет Міністраў альбо адміністрацыя прэзыдэнта, але гэта нармальная зьява.”

На думку спадара Цьвяткова, ва ўсіх дзяржаўных установах Беларусі наогул ня варта выбіраць кіраўнікоў — толькі прызначаць.

(Цьвяткоў: ) “Заўтра вось паставім выбарчае пытаньне па кіраўніку завода, фабрыкі, майстэрні, цырульні, крамы і г.д.”

Зазначыў намесьнік міністра культуры Юры Цьвяткоў.

Ганна Соусь, Менск

XS
SM
MD
LG