Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяцігодзьдзе БАЖ — посьпехі ды няўдачы, стратэгія і пэрспэктывы



Пяцігодзьдзе БАЖ — посьпехі ды няўдачы, стратэгія і пэрспэктывы

(эфір 25 Верасьня 2000)

Праграму вядзе Віталь Цыганкоў.

У верасьні 1995 году каля 30 прадстаўнікоў беларускае недзяржаўнае прэсы на ўстаноўчым зьезьдзе заснавалі Беларускую Асацыяцыю журналістаў...

(Цыганкоў: ) “Здаецца, сам час паклікаў нараджэньне незалежнай журналісцкай арганізацыі — менавіта ў 1995 годзе ў Беларусі пачаўся безпрэцэдэнтны націск уладаў на свабоду прэсы. БАЖ адразу апынуўся на пярэднім пляне гэтае барацьбы, і як выглядае, здолеў ня толькі вытрымаць, але й памножыць свае шэрагі. За пяць гадоў Асацыяцыя павялічыла колькасьць сваіх сяброў да 700 чалавек, у БАЖ цяпер прадстаўленыя 164 СМІ.

Але, зразумела, нашая сёньняшняя праграма ня ставіць сабе за мэту сыпаць хвалебныя камплімэнты. Нашая задача — ацаніць посьпехі й праблемы БАЖ, паразважаць пра стратэгію і пэрспэктывы арганізацыі. Бадай, адзін з самых распаўсюджаных папрокаў, якія закідваюцца Асацыяцыі, гэта нявызначанасьць сваёй сутнасьці. Што такое БАЖ? Ці гэта нешта накшталт прафсаюзу, ці гэта журналісцкая праваабарончая структура, ці творчая арганізацыя? Якую зь пералічаных роляў БАЖ лічыць галоўнай у сваёй дзейнасьці?… — пытаньне да прэзыдэнта Асацыяцыі Жанны Літвіной…”

(Літвіна: ) “Самае асноўнае было вызначана яшчэ першымі сузаснавальнікамі пяць гадоў таму — гэта абарона прафэсійных правоў журналіста. Адбываецца зьмяшэньне функцыяў, бо прафсаюзы таксама, у першую чаргу, займаюцца абаронаю прафэсійных правоў, сацыяльных правоў сваіх сяброў. Іншая справа, што за пяць гадоў Асацыяцыі не ўдалося стаць багатай арганізацыяй.

Мне падаецца, што функцыю прафсаюзаў па канкрэтнай, тэхнічна-матэрыяльнай дапамозе арганізацыя магла б займацца тады, калі б суб’екты самой арганізацыі таксама б уяўлялі сабой багатыя рэдакцыйныя калектывы, якія разьвіваюцца. Адно з другога выцякае, і таму у поўнай меры на сёньняшні дзень стаць прафсаюзам БАЖ ня можа.

Але тое, што было заплянавана з самага пачатку, я маю на ўвазе абарону правоў, гэта на сёньняшні дзень зьяўляецца прыярытэтным кірункам. Мне падаецца, што зь цягам часу, вось за гэтыя пяць гадоў, мы набылі яшчэ адную праблему у сваім грамадзтве.Усе мы з вамі сёньня зьяўляемся сьведкамі зьнішчэньня прафэсіі журналіста, і таму сёньня адна з асноўных задачаў Асацыяцыі — вярнуць прафэсію журналіста грамадзкасьці”.

(Цыганкоў: ) “Зьнішчэньне прафэсіі — Вы маеце на ўвазе ў маральна-этычным сэнсе, ці ў літаральным?”

(Літвіна: ) “Я маю на ўвазе, у першаю чаргу, у прафэсійным сэнсе. Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, мы ўсе з вамі тут сьведкамі, на працягу апошніх гадоў, выкарыстоўваюцца як палітычная зброя, выкарыстоўваюцца для дыскрыдытацыі палітычных апанэнтаў, зьнішчэньня гэтых апанэнтаў.

У сваю чаргу недзяржаўная прэса, часам, замест факта прапануе сваю аўтарскую суб’ектыўную вэрсію той або іншай падзеі. Нам трэба з вамі вяртаць зараз прафэсію, у першую чаргу, першароднае прызначэньне прафэсіі журналіста — даць людзям інфармацыю”.

(Цыганкоў: ) “Заяўляе прэзыдэнт БАЖ Жанна Літвіна. Адзін зь сяброў Асацыяцыі Мікалай Халезін часьцяком выступаў з крытыкаю БАЖ, настойваючы на больш актыўнай і радыкальнай палітычнай пазыцыі БАЖ. Але ў дадзеным пытаньні Халезін згодны, што ў сёньняшняй беларускай сытуацы Асацыяцыя вымушана займацца ўсім адразу…”

(Халезін: ) “Зараз такая сытуацыя, калі Асацыяцыя мусіць спалучаць усё разам. Калі ў нас будзе дэмакратыя, калі ў нас ня будзе той улады, якая ёсьць зараз, БАЖ стане нейкім прафэсійным саюзам, які будзе займацца вывучэньнем ангельскае мовы, ці ладзіць візыты ў заходнія краіны, — але зараз мусіць займацца ўсім. Было добра, калі б яна толькі і адстойвала нашыя правы, але, на жаль, так не бывае. Нейкая арганізацыя ня будзе толькі тым займацца, што адстойваць нашыя правы, таму што нашыя правы мусім адстойваць мы самі.

Але ў тым кірунку трэба працаваць больш упарта, больш устойліва, таму што такія нам дасталіся зараз улады, якія могуць з вамі размаўляць толькі з пазыцыі сілы. Процістаўляць гэтаму мы мусім толькі сілу, сілу адстойваньня сваіх правоў. Таму калі ня БАЖ гэтым будзе займацца — тады хто будзе займацца? Якая структура?”

(Цыганкоў: ) “Адзін з папрокаў на адрэсу БАЖ палягае ў тым, што Асацыяцыі за гэтыя гады так і не ўдалося наладзіць рэальнае супрацоўніцтва з Саюзам журналістаў Беларусі. Беларуская журналісцкая супольнасьць па-ранейшаму застаецца ідэялягічна і арганізацыйна разьяднанай. БАЖ неаднаразова запрашаў Саюз журналістаў Беларусі праводзіць агульныя акцыі.

Пакуль, аднак, гэтыя памкненьні не сустракаюць прыхільнага стаўленьня іншага боку. Мікалай Халезін на праблему супрацоўніцтва з Саюзам журналістаў глядзіць наступным чынам…”

(Халезін: ) “А навошта? Навошта працаваць у гэтым кірунку і траціць амаль увесь свой час на тое, каб гэтым займацца. На кожным амаль зьезьдзе кажуць пра тое, што мы мусім наладзіць сувязі з Саюзам журналістаў… Не. Гэтага не павінна быць. Гэта дзьве структуры: адна абслугоўвае ўладу, другая займаецца тым, што адстойвае правы незалежных журналістаў. І ўсё”.

(Цыганкоў: ) “Пазыцыя прэзыдэнта БАЖ у гэтым пытаньні, зразумела, больш памяркоўная. Але й Жанна Літвіна прызнае, што зь некаторымі супрацоўнікамі дзяржаўных СМІ не магчыма знайсьці агульную мову”.

(Літвіна: ) “На жаль, на сёньняшні дзень у нашым эфіры — тэлевізійным, радыйным — ёсьць людзі, якіх я не лічу сваімі калегамі. Я іх лічу палітрукамі. Дарэчы, ёсьць адзін з такіх даволі вядомых вядучых беларускае тэлевізіі Казіятка абсалютна адкрыта ўвесь час адстойвае свой пункт гледжаньня, што прафэсіі журналіста, навогул, не йснуе.

Мне падаецца, што мае калегі, якія працуюць сёньня ў дзяржаўных СМІ, яны проста пазбаўленыя права выбару, у іх няма магчымасьці зьмяніць месца працы, яны часам незадаволеныя, яне не падзяляюць генэральную лінію сваёй рэдакцыі, але пры ўмовах адсутнасьці працоўных месцаў у недзяржаўнай прэсе, яны проста застаюцца без права выбару.

Адсюль у БАЖ адзін з прыярытэтных кірункаў — гэта адукацыйныя праграмы. Мне падаецца, што чым вышэйшы прафэсійны ўзровень журналіста, тым больш ён вольны ў адстойваньні свайго прафэсійнага права, у адстойваньні сваёй грамадзянскае пазіцыі. І зноў-такі той накірунак, чым зараз займаецца БАЖ – гэта адкрыцьцё Цэнтра журналістыкі, які ў першую чаргу будзе займацца адукацыйнымі праграмамі”.

(Цыганкоў: ) “Дарэчы, варта зазначыць, што за апошнія дзесяць гадоў колькасьць сяброў Саюзу журналістаў паменшылася ўдвая. Цяпер у гэтай арганізацыі 2,5 тысячы, большасьць зь якіх складаюць журналісты сталага веку.

Што ж далей, пасьля заканчэньня першага, так бы мовіць, пяцігодзьдзя? Якой павінна быць стратэгія і тактыка БАЖ на бліжэйшыя гады. Мікалай Халезін лічыць, што якраз стратэгічнага плянаваньня Асацыяцыі і не хапае, ідзе толькі рэфлексіўная рэакцыя на падзеі ды крокі ўладаў”.

(Халезін: ) “Калі ў БАЖ ёсьць 700 сяброў, там ёсьць вялікі патэнцыял мазгоў. І гэты патэнцыял трэба выкарыстоўваць. Мусіць скласьціся нейкая група, якая будзе займацца аналітыкаю, палітычным кансалтынгам у сваёй арганізацыі. Гэтыя людзі змогуць распрацаваць нейкі альгарытм працы, у якім будуць і акцыі салідарнасьці з журналістамі іншых краінаў і акцыі ў дапамозе сваім сябрам. Асацыяцыі патрэбна атакаваць уладу, таму што журналісты — гэта тыя, хто атакуюць уладу любую: дэмакратычную, недэмакратычную, фашыстоўскую, нефашыстоўскую і калі ты не атакуеш, дык атакуюць цябе.

Зараз неяк спаў той накал, той імпэт, які быў, калі баранілі Шэрэмета, калі біліся з уладаю на роўных, а зараз… Саступілі журналісты. Раптам улада купіла частку выдаўцоў, купіла частку галоўных рэдактараў, “прихватила” іх і зараз гэтыя рэдактары й выдаўцы сталі “прихвачеными”.

(Цыганкоў: ) “Прэзыдэнт Асацыяцыі Жанна Літвіна ўпэўнена, што гучныя акцыі павінны спалучацца з будзённай працаю”.

(Літвіна: ) “Маё перакананьне, што акрамя нейкіх яркіх масавых акцыяў, пікетаў у кожнай арганізацыі, якая імкнецца захаваць аўтарытэт, ёсьць яшчэ паўсядзённая руцінная работа. Гэта работа ня менш важная, чым арганізацыя адной якой-небудзь акцыі. Канкрэтна ў Асацыяцыі гэта работа Цэнтру праўнай абароны СМІ.

Часам па-за ўвагаю і нашых сродкаў масавай інфармаціі, і грамадзкасьці застаюцца тыя наступы, якія адбываюцца ў дачыненьні да канкрэтных выданьняў, рэгіянальных выданьняў. Напрыклад, у апошнія дні жніўня незалежная газэта ў Смаргоні атрымала адразу два папярэджаньні ад раённай пракуратуры.

І вось дапамагчы ў гэтай сытуацыі абскардзіць гэтыя папярэджаньні, дапамагчы юрыдычна — гэта было асноўнае ў тыя дні для той самай Асацыяцыі. Мы сёньня працуем у разбуранай праўнай прасторы, але гэта не азначае, што дзеяньні ўладаў могуць быць беспакаранымі, незафіксаванымі. Гэта таксама тое, што сёньня робіць БАЖ”.

(Цыганкоў: ) “Напэўна, сапраўды, мітынгі й рэвалюцыі не ствараюць незалежную прэсу. Яна нараджаецца доўгай карпатлівай і не заўсёды гучнай працаю. У нейкі момант колькасьць недзяржаўных выданьняў мусіць набраць крытычную масу, і напэўна, тады свабода прэсы ў Беларусі стане незваротнай зьяваю”.

Віталь Цыганкоў

XS
SM
MD
LG