Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Працягваюцца суды над затрыманымі распаўсюднікамі ўлётак з заклікам да байкоту выбараў.

Супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць многіх людзей, якія агітуюць на вуліцах за байкот выбараў. Да суду, аднак, даходзіць не заўсёды. Гэта тлумачыцца тым, што бальшыня затрыманых — непаўнагадовыя школьнікі й студэнты. Імі займаюцца камісіі ў справах непаўнагадовых у мясцовых выканкамах.

Тыя ж, хто пасьля складаньня пратаколу за нібыта дапушчанае адміністрацыйнае правапарушэньне зьяўляюцца ў суд, каб атрымаць нейкае пакараньне, мусяць прыходзіць туды па некалькі разоў. Самая распаўсюджаная прычына — няяўка ў судовае паседжаньне міліцыянтаў. Бязь іхных паказаньняў судзьдзя ня мае права выносіць судовае рашэньне.

Так было й сёньня — з гэтае прычыны быў перанесены разгляд адміністрацыйнае справы студэнта Зьмітра Касьпяровіча. Ён быў затрыманы двойчы — 17 і 28 верасьня — за тое, што раздаваў газэту “Наша Свабода”.

Кожны раз, каб прыйсьці ў суд, студэнт вымушаны прасіць дазволу ў выкладчыкаў на пропуск заняткаў. Гаворыць Зьміцер Касьпяровіч:

(Касьпяровіч: ) “Супрацоўнікі міліцыі абыходзіліся са мной даволі ветліва, карэктна. Прадставіліся і спасылаліся на нейкі загад затрымліваць людзей, у якіх ёсьць газэты. Але патлумачыць штосьці канкрэтна яны не маглі.

Другі раз было больш жорстка. Ужо ніхто не прадстаўляўся, у затрыманьні ўдзельнічалі яшчэ нейкія спэцыяльна прывезеныя статысты – хлопчыкі-стажоры. Пасадзілі ў клетку ў варанок. Другі раз затрымалі мяне за тое, што я пачаў абурацца: за што затрымліваюць Стася Івашкевіча, а газэту ў той час я не распаўсюджваў, таму гэта проста сьмешна.”

Судзьдзя Руслан Казадаеў перанес разгляд справы на 12 кастрычніка.

А другі затрыманы, Андрэй Бабаеўскі, сёньня прыйшоў у Савецкі суд ужо трэці раз, але зноў безвынікова. Міліцыянты чарговы раз прайгнаравалі судовыя позвы. Толькі ў Савецкім судзе з гэтае прычыны марудзяцца яшчэ сем аналягічных адміністрацыйных справаў. Падобная карціна ў Ленінскім і ў Партызанскім судох Менску.

Любоў Лунёва, Менск

XS
SM
MD
LG