Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Апошняя перад выбарамі сэсія гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў”, што распачалася сёньня, не пажадала разглядаць праект закону пра выбары дэпутатаў парлямэнту саюзнае дзяржавы ды не цікавіцца выбарчай кампаніяй. Мажліва, таму, што ўсе дэпутаты “палаты”, як кажуць у кулюарах, застануцца сябрамі Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.

Дэпутат Валеры Драко выказаў заклапочанасьць тым, што сэсія ня будзе разглядаць законапраект пра выбары саюзнага расейска-беларускага парлямэнту. Спадар Драко падкрэсьліў, што гэты праект гатовы са студзеня…

(Драко: ) “Мы згубілі тэмп…”

(Малафееў: ) “Трагедыі няма”.

Гэта быў сьпікер Анатоль Малафееў, які адказваў на пытаньне Валерыя Драко пра лёс закону пра выбары саюзных дэпутатаў.

У кулюарах жа сэсіі сёньня казалі пра лёс 110 беларускіх дэпутатаў. Паколькі ўсе яны былі сябрамі Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, паводле Канстытуцыі Беларусі 1994 году яны захаваюць свае паўнамоцтвы нават пасьля 15 кастрычніка. Вярхоўны Савет папярэдняга, 12-га скліканьня, зь 5-гадовым тэрмінам паўнамоцтваў працаваў фактычна 6 год, бо паўнамоцтвы сканчаюцца толькі зь першай сэсіяй новаабранага Вярхоўнага Савету. Цяпер на выбарах у новую “палату” балятуецца менш як траціна сёньняшніх яе сяброў, ды яшчэ ня ўсе пройдуць. Таму створыцца ўнікальная сытуацыя: бальшыня дэпутатаў легітымнага парлямэнту будзе па-за межамі “Палаты прадстаўнікоў”.

Лідэры беларускай апазыцыі, напрыклад, Анатоль Лябедзька, не выключаюць мажлівасьці далучэньня часткі дэпутатаў з “палаты” да Вярхоўнага Савету.

Сёньня ж пытаньне выбараў у “палаце” не абмяркоўвалася, яго няма і ў парадку дня. Плянуецца, што заўтра сэсія будзе разглядаць праект дзяржаўнага бюджэту на 2001 год у першым чытаньні, а потым зробіць перапынак да 12 кастрычніка, калі на другое чытаньне бюджэту прыедзе выступаць Аляксандар Лукашэнка.

Юры Сьвірко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG