Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 30 верасьня)
Берасьцейскiя кiроўцы мiкрааўтобусаў, якiя аказваюць транспартныя паслугi на гарадзкiх маршрутах, абвесьцiлi страйк, пратэстуючы супраць дзеяньняў уладаў. Мясцовая «вэртыкаль» прымушае кiроўцаў зьменшыць кошт праезду ў маршрутных таксi, не зважаючы на тое, што апошнiм часам рэгулярна падвышаюцца кошты на палiва, а з кастрычнiка павялiчваецца мiнiмальны заробак у Беларусi.

Нагодаю для таго, каб распачаць страйк, берасьцейскiя кiроўцы таксi называюць тое, што апошнiмi днямi адразу на сямёх iхных калегаў былi cкладзеныя пратаколы. Кантрольныя ворганы абвiнавацiлi кiроўцаў у тым, што яны без узгадненьня зь мясцовай «вэртыкальлю» ўсталявалi новыя тарыфы на свае паслугi. Складаньне пратаколаў азначае, што на кiроўцаў будзе накладзены штраф, а наступнае выяўленае парушэньне можа прывесьцi да скасаваньня лiцэнзii.

Берасьцейскiя кiроўцы абураныя такiмi паводзiнамi ўладаў. Толькi за апошнi месяц тры разы зьмянялiся кошты на палiва, а зь 1 кастрычнiка павялiчваецца мiнiмальны заробак у краiне, ад якога залежыць фiксаваны падатак для кiроўцаў маршрутных таксi. У такiх умовах, сьцьвярджаюць кiроўцы, весьцi размовы пра зьнiжэньне кошту праезду ў таксi проста не выпадае. Але ўлады настойваюць на неабходнасьцi зьмяншэньня тарыфаў i зараз распачалi сапраўднае паляваньне на кiроўцаў, якiя не зьбiраюцца працаваць са стратамi.

У адказ берасьцейскiя кiроўцы пайшлi на рашучы крок: увечары 29 верасьня яны правялi адмысловы сход, на якiм было прынятае рашэньне спынiць працу. Фактычна страйк распачаўся адразу пасьля сходу, у якiм узялі ўдзел больш за 200 кiроўцаў, i працягнецца ў суботу, нядзелю й панядзелак.

На 2 кастрычнiка прызначаны яшчэ адзiн сход кiроўцаў, пад час якога будзе вырашацца, што рабiць далей. Пра рашучасьць намераў кiроўцаў сьведчыць i той факт, што нiхто зь iх пакуль не сплацiў фiксаваны падатак за кастрычнiк. З гэтага можа вынiкаць, што ўладальнiкi берасьцейскiх маршрутных таксi гатовыя трымаць страйк на працягу ўсяго месяца.

Калi ўлiчваць, што рух звычайнага грамадзкага транспарту ў горадзе, асаблiва ў выхадныя днi, з-за стратнасьцi й недастатковага фiнансаваньня гэтае галiны зьведвае сур'ёзныя праблемы, берасьцейскiх пасажыраў чакаюць цяпер дадатковыя цяжкасьцi.

Алег Супрунюк, Берасьце

XS
SM
MD
LG