Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Ранкам у гэты панядзелак былы кіраўнік Віленскага вайсковага гарнізону савецкай арміі, а цяпер намесьнік міністра абароны Беларусі генэрал-лейтэнант Уладзімер Усхопчык мусіў быў зьявіцца ў Генэральную пракуратуру Летувіскай Рэспублікі. Усхопчыка абвінавачваюць у шэрагу цяжкіх злачынстваў, зьвязаных з замахам на незалежнасьць летувіскай дзяржавы ў ’91-м годзе. Як нам стала вядома, Уладзімер Усхопчык у Вільню на допыт у пракуратуру не паехаў.

Сёлета ў чэрвені Генэральны пракурор Летувы Казіс Педнічас даслаў ліст Генэральнаму пракурору Беларусі Алегу Бажэлку, у якім прасіў уручыць судовую позву намесьніку міністра абароны Ўладзімеру Ўсхопчыку. У адпаведнасьці зь ёй, генэрал-лейтэнанту належала 2 кастрычніка а 9:00 раніцы з пашпартам зьявіцца ў Генэральную пракуратуру Летувы.

У прыёмнай намесьніка міністра абароны мне паведамілі, што Ўладзімер Усхопчык цяпер у Менску і ня мае намеру ехаць у Вільню. Нагадаем, што яшчэ ў 1994 годзе Генэральная пракуратура Летувы зьвярталася да Беларусі з просьбаю выдаць Усхопчыка, але тыя намаганьні не далі плёну.

Радыё Свабода паведамляла пра тое, якую адмоўную рэакцыю выклікала ў Летуве прызначэньне Ўсхопчыка намесьнікам міністра абароны. А вось як пракамэнтаваў для нашага радыё гэты факт першы прэзыдэнт Летувы Альгірдас Бразаўскас…

(Бразаўскас: ) “Я яго ведаў, калі ён узначальваў дывізію. Зразумела, ведаў. Я ўсіх камандуючых ведаў у той час…

На месцы кіраўніцтва Беларусі я не рабіў бы гэтага, ніколі не рабіў… Усё ж мы — дзяржавы-суседзі. І трэба ўлічваць эмоцыі. Я ня думаю, што ў Беларусі няма генэралаў больш годных, ці таго ж узроўню, што і Ўсхопчык. Няўжо абавязкова было прызначаць менавіта гэтага чалавека?

На гэта ў нас была вельмі моцная рэакцыя, і я сказаў бы, што гэта слушна. Ён жа кіраваў гарнізонам, зь ягонай базы ў Паўночным гарадку йшлі гэтыя танкі й бранявікі на людзей. Адтуль яны ішлі, з тэрыторыі ягонае дывізіі…”, — гэта быў першы прэзыдэнт Летувы Альгірдас Бразаўскас.

Сёлета у траўні Бразаўскас наведаў Беларусь. І менавіта праз некалькі дзён пасьля таго візыту адбылося прызначэньне Ўсхопчыка. “Калі б я ведаў пра гэта, дык не прыехаў бы ў Беларусь”, — кажуць, што менавіта так адрэагаваў Бразаускас, калі даведаўся, што Ўладзімер Усхопчык стаў намесьнікам міністра абароны Беларусі.

Нагадаем, што крымінальная справа на Ўсхопчыка была распачатая ў Летуве 12 студзеня 1991 году. Яго абвінавачваюць у шэрагу крымінальных злачынстваў, зьвязаных з замахам на незалежнасьць Летувіскай Рэспублікі, а таксама ў тым, што ён удзельнічаў у забойствах жыхароў Летувы й прычыненьні ім цялесных пашкоджваньняў.

Ганна Соусь, Менск

XS
SM
MD
LG