Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


На сёньняшнім Маршы Свабоды прысутнічаў палітычны аглядальнік нашага Радыё Валер Карбалевіч. Ён спрабуе прааналізаваць папярэднія вынікі акцыі апазыцыі.

(Карэспандэнт: ) “Ці падзяляеце Вы, Валер, аптымістычны настрой арганізатараў акцыі?”

(Карбалевіч: ) “Сам па сабе настрой ад таго, што сябраліся паплечнікі, прыхільнікі пэўнай ідэі, якія разам выступаюць у барацьбе супраць рэжыму – гэта нейкае адчуваньне сьвята. Але, на мой погляд, ёсьць і пэўныя праблемы. Людзей, якія сабраліся на гэтую акцыю, было троху менш, чым удзельнікаў Маршаў Свабоды 1 і 2”.

(Карэспандэнт: ) “Што да інфармацыйнай падтрымкі гэтай акцыі…Раней апазыцыі закідалі, што людзі былі кепска інфармаваныя аб ранейшых акцыях. Як бы Вы ацанілі інфармацыйную падрыхтоўку да гэтай акцы?”

(Карбалевіч: ) “Пачатак інфармацыйнай кампаніі ў падтрымку гэтага Маршу троху спазьніўся, і фактычная раскрутка гэтай акцыі пачалася недзе за тыдні два да яе пачатку. Хоць яна была і актыўная ў апошнія дні, мне здаецца, што троху спазьніліся арганізатары. І гэта адна з прычынаў, што гэты Марш ня быў такім масавым, як хацелася апазыцыі”.

(Карэспандэнт: ) “Напярэдадні шматлікія міжнародныя арганізацыі зьвярталіся да беларускіх уладаў із заклікам забясьпечыць мірны характар правядзеньня Маршу-3. Спакойныя паводзіны ўладаў, фактычная адсутнасьць, паводле нашых карэспандэнтаў, міліцыі на вуліцах – ці гэта вынік міжнароднага ціску?”

(Карбалевіч: ) “Так. Лукашэнку патрэбная міжнародная легітымізацыя выбараў. Паколькі Марш праходзіць у часе выбарчай кампаніі, ён упісваецца ў агульную атмасфэру палітычнай барацьбы ў краіне. І таму рэжым быў зацікаўлены, каб у часе выбарчай кампаніі асабліва адыёзных актаў рэпрэсіяў не адбывалася. Лукашэнка ўсю сваю выбарчую кампанію ў значнай ступені праводзіць для Захаду, для заходніх назіральнікаў і заходніх краінаў”,

(Карэспандэнт: ) “Як Вы лічыце, вось на гэты момант хто з беларускай апазыцыі перамагае – тыя, хто дамагаецца зьменаў праз вулічную дэмакратыю, ці тыя, хто пайшоў на выбары ў “палату прадстаўнікоў” і такім чынам спрабуюць дамагчыся зьменаў? Паводле сёньняшняй акцыі?”

(Карбалевіч: ) “Сёньня пакуль казаць аб перамозе і аднаго крыла беларускай апазыцыі, і другога – нельга. Нельга таму, што ўлады на сёньняшні дзень даволі эфэктыўна нэўтралізуюць і стратэгію, і тактыку і адной часткі апазыцыі, і другой. Тая, што пайшла на выбары, – як усе мы ведаем, не дайшла, асноўная яе частка. Тая, якая спрабуе арганізаваць байкот, народны рэфэрэндум і вось сёньняшні Марш, таксама сваёй задачы пакуль што выканаць ня можа. Галоўная прычына – перашкоды ўладаў, рэпрэсіі супраць агітатараў за байкот.
На сёньяншні дзень казаць аб перамозе апазыцыі наогул і нейкіх асобных яе частак пакуль што не даводзіцца, на мой погляд”.

(Карэспандэнт: ) “Станоўчым вынікам арганізатары называюць тое, што акцыя прайшла цывілізавана, што яна адбылася і скончылася таксама цывілізавана. У чым сэнс вынікаў?”

(Карбалевіч: ) “Вынікі ёсьць. Апазыцыя паказала, што яна мае пэўную падтрымку ў народзе, што яна здольная арганізаваць акцыі пратэсту, што яна працягвае супраціў рэжыму Лукашэнкі. Гэта вынік, і ён пэўны.
Але яго мала для таго, каб атрымаць перамогу. Яго мала, каб сытуацыя пачала разьвівацца па югаслаўскім сцэнары. Можна сказаць, што для апазыцыі ёсьць над чым думаць, каб дамагчыся пералому ў гэтай барацьбе”.

Гутарыла

Вольга Караткевіч

XS
SM
MD
LG