Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сьледам за ста мэдыкамі Аляксандар Лукашэнка адзначыў сто лепшых, на ягоную думку, выкладчыкаў дзяржаўных ВНУ Беларусі. Ён усталяваў для іх штомесячную пэрсанальную дадатковую аплату памерам каля 200 даляраў. Гэтае рашэньне было неадназначна ўспрынятае ў выкладчыцкім асяродку.

Сваім распараджэньнем Аляксандар Лукашэнка вызначыў сто лепшых, на ягоную думку, выкладчыкаў і прафэсараў дзяржаўных вышэйшых навучальных установаў. Цяпер цягам году яны будуць атрымліваць пэрсанальную дадатковую штомесячную аплату — каля 200 даляраў. У ганаровы сьпіс трапілі вядомыя навукоўцы — у бальшыні, прафэсары, дактары й кандыдаты навук, дэканы й загадчыкі катэдраў.

Як распавёў нашаму радыё рэктар Пэдагагічнага ўнівэсытэту імя Максіма Танка Леанід Ціханаў, вылучаць лепшых выкладчыкаў пачалі яшчэ ў кастрычніку…

(Ціханаў: ) “Разглядала пытаньне грамадзкасьць: грамадзкія арганізацыі, прафкам, потым рэктарат, потым галасаваў вучоны Савет”.

Паведаміў Леанід Ціханаў. Усяго з пэдагагічнага ўнівэрсытэту ў ганаровы сьпіс трапілі пяць выкладчыкаў.

Некаторыя выкладчыкі, узнагароджаныя пэрсанальнай дадатковай аплатаю, яшчэ ня ведаюць пра гэтую ўзнагароду. Напрыклад, прафэсар катэдры лексыкалёгіі нямецкае мовы Лінгвістычнага ўнівэрсытэту Кацярына Зарэцкая даведалася пра гэта ад карэспандэнта радыё Свабода. Яна мяркуе, што ўсе выкладчыкі вартыя годных заробкаў, асабліва маладыя:

(Зарэцкая: ) “Думаю пра маладых выкладчыкаў, якія працуюць столькі, колькі і я, ды, магчыма, і больш, бо ім трэба і свае веды папаўняць. Калі я бачу, колькі яны атрымліваюць, дык у мяне сэрца кроўю абліваецца – я ўжо гатовая адмовіцца ад свайго заробку, каб іх трошкі падтрымаць матар’яльна, бо яны павінны недзе шукаць дадатковыя заробкі, каб пражыць. Яны ж атрымліваюць у два разы, мусіць, ніжэй, чым прыбіральшчыца ў многіх пад’ездах. Вось за што мне сэрца сёньня баліць…”

Зазначыла Кацярына Зарэцкая.

Што да крытэраў, паводле якіх вылучалі лепшых выкладчыкаў, дык, як паведаміла дэкан філялагічнага факультэту БДУ Ларыса Мурава, якая таксама трапіла ў сьпіс, быў шэраг патрабаваньняў да вылучэнцаў…

(Мурава: ) “У нас была квота для ўнівэрсытэту. Усіх вылучалі паводле такога прынцыпу — хто бярэ большы ўдзел у рэарганізацыі ўнівэрсытэту, у адкрыцьці новых аддзелаў, факультэтаў, у каго большы патэнцыял выпуску кандыдатаў навук, у каго больш дактароў навук, хто цяпер працуе над самай буйной праблемаю ў сваёй сфэры. Выкладчыкі прадстаўлялі сваю навуковую працу за тры гады”, — паведаміла Ларыса Мурава.

Яна распавяла таксама, што вылучэньне адбывалася адкрыта, але галасаваньне было закрытым. Усяго ад БДУ адзначаныя 14 выкладчыкаў.

А вось як пракамэнтаваў распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі доктар гістарычных навук, прафэсар Анатоль Грыцкевіч, які, дарэчы, ня трапіў у гэты сьпіс:

(Грыцкевіч: ) “Гэта тыповы ўказ звычайнай дыктатарскай улады – ня толькі ў нас, а і ў іншых краінах так рабілася, і ў часы фэадалізму… Сам факт: чаму сто, а не 50, ня 150? Будуць адбіраць, як я разумею, людзей, ляяльных да рэжыму альбо тых, хто верна служыць яму. Зразумела, ні сацыяльнай справядлівасьці, ні вылучэньня сапраўды найлепшых ня будзе. Я нагадаю, што такое рабілася і для навукоўцаў, калі прэзыдэнту Акадэміі навук было загадана скласьці сьпіс ста самых разумных людзей”.

Ганна Соусь, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG