Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У часе паседжаньня Вышэйшае дзяржаўнае рады «саюзнае дзяржавы» Беларусі й Расеі былі падпісаныя два міждзяржаўныя і міжурадавыя пагаденьні аб увядзеньні з 2005 году ў якасьці адзінае валюты расейскага рубля й стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру. Крэдытныя пагадненьні пра выдаткаваньне Беларусі 100 мільёнаў даляраў стабілізацыйнага крэдыту адкладзеныя да 15 сьнежня. І няма гарантыяў, што яны ўвогуле будуць падпісаныя.

За некалькі дзён да гэтага пагадненьня былы памочнік Аляксандра Лукашэнкі, а цяпер міністар замежных справаў Міхал Хвастоў зазначаў, што беларускі бок настойвае на гэтак званым «пакетным» падпісаньні пагадненьняў пра адзіную валюту, адзіны эмісійны цэнтар ды пра крэдытаваньне Расеяй Беларусі з мэтаю ўмацаваньня беларускага рубля. Спадар Хвастоў казаў пра 100 мільёнаў міждзяржаўнага й міжбанкаўскага крэдыту на працягу 2000–2001 гадоў.

Сёньня і Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін пасьля паседжаньня Вышэйшае дзяржаўнае рады «саюзнае дзяржавы» пра суму крэдытаў увогуле не казалі.

У пастанове рады даецца даручэньне ўрадам і цэнтральным банкам Расеі ды Беларусі ўзгадніць і падпісаць два названыя крэдытныя пагадненьні яшчэ сёлета, да 15 сьнежня. Пры гэтым спадар Лукашэнка патлумачыў, што беларускі бок хацеў бы, каб Расея падтрымала беларускую валюту, і паводле ягоных словаў, Уладзімер Пуцін такую падтрымку абяцаў, у тым ліку і ад імя Цэнтрабанку Расеі. Далей спадар Лукашэнка зазначыў: «У пэрспэктыве гэтае пытаньне будзе дапрацавана, і калі ў Расеі будзе такая магчымасьць, яна акажа нам такую падтрымку». А калі такое магчымасьці ў Расеі ня будзе, дык відаць, і не…

Пасьля паседжаньня няма ніякае пэўнасьці і адносна таго, што з 2008 году, як абяцалася, у «саюзнае дзяржавы» будзе нейкая іншая агульная валюта. Сам Аляксандар Лукашэнка зазначыў, што «з 2008 году мы пяройдзем на новую валюту, або ёю застанецца расейскі рубель». Якой будзе новая валюта — ня ведае і Ўладзімер Пуцін.

У адрозьненьне ад афіцыйнага беларускага боку, які асаблівых падставаў для задавальненьня ня меў, Уладзімер Пуцін заявіў, што пастаўленыя мэты выкананыя, расейская дэлегацыя задаволеная вынікамі паседжаньня… Відаць, дзеля балянсу ён сказаў некалькі словаў і пра захаваньне сувэрэнітэтаў дзяржаваў у новым псэўдадзяржаўным утварэньні.

Гаворыць Уладзімер Пуцін:

«Пры гэтым будзе абсалютна слушным, адзіна слушным, калі мы будзем здымаць любую занепакоенасьць грамадзкасьці дзьвюх дзяржаваў, гэта датычыць і праблемы сувэрэнітэту, якая востра абмяркоўваецца. Тысячу разоў мы мусім падумаць і толькі потым адрэзаць”, — адзначыў Уладзімер Пуцін. Лукашэнка згадзіўся, што сувэрэнітэт трэба адразаць пакрысе, не сьпяшаючыся…

Паводле словаў Аляксандра Лукашэнкі, у першым квартале наступнага году Сталы камітэт “саюзнае дзяржавы”, які ўзначальвае Павал Барадзін, будзе сфармаваны. На пэрспэктыву адкладзеныя пытаньні канчатковае ўніфікацыі мытаў, падаткавага заканадаўства, тарыфнага й нетарыфнага рэгуляваньня. Урадам на гэта адведзены тэрмін — першае паўгодзьдзе наступнага году.

Валер Каліноўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG