Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў Беларусі плянуюць шырока адзначыць 10 сьнежня 52-ю гадавіну абвяшчэньня Ўсеагульнае дэклярацыі правоў чалавека. У Менску ды іншых буйных гарадох краіны пройдуць вулічныя акцыі ў абарону правоў чалавека.

Менскі гарадзкі выканкам адмовіў прадстаўнікам Праваабарончага цэнтру “Вясна” ў правядзеньні пікету ў Міхайлаўскім сквэры, што ў цэнтры гораду, і дазволіў акцыю на пляцы Бангалёр. Дамоўленасьць пра сьвяткаваньне Дня правоў чалавека дасягнутая паміж прадстаўнікамі цэнтру “Вясна”, Беларускага Гэльсынскага Камітэту, групы “Гэльсынкі–21” ды іншых праваабарончых арганізацыяў. Удзельнічаць у ёй таксама зьбіраюцца сябры партыяў і арганізацыяў, што ўваходзяць у Каардынацыйную раду дэмакратычных сілаў.

Як паведаміў нашаму радыё адзін з арганізатараў акцыі 10 сьнежня, супрацоўнік цэнтру “Вясна” й былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Барыс Гюнтэр, ніхто з праваабаронцаў і апазыцыянэраў ісьці на пляц Бангалёр намеру ня мае.

(Гюнтэр: ) “Улада не паважае правоў чалавека і заганяе акцыю на сабачнік. Самая галаўная каштоўнасьць чалавецтва ды любога грамадзтва – правы чалавека. І сёньня гэтая гадавіна, якая перанесена на пляцоўку сабачніка, яна відавочна кажа аб тым, што ў нас не паважаюцца правы чалавека. І мы ніколі не пагодзімся з уладамі, якія парушаюць усе дэклярацыі, ратыфікаваныя нашай дзяржавай і заганяюць людзей на высілкі.”

Праводзіць далейшыя перамовы з уладамі праваабаронцы лічаць бескарысным. У бліжэйшы час яны накіруюць у гарадзкі выканкам афіцыйную адмову ад правядзеньня пікету “на Бангалёры”. Замест гэтага праваабаронцы плянуюць адзначыць Дзень правоў чалавека гуляньнямі ў цэнтры Менску.

Канкрэтнага месца збору ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі спадар Гюнтэр не назваў, бо высьцерагаецца, што ўлады зробяць адпаведныя захады. Разам з тым, арганізатары гуляньняў не баяцца магчымых рэпрэсіяў з боку ўладаў.

Барыс Гюнтэр працягвае: “Мы перайшлі тую мяжу, КАЛІ ТРЭБА БАЯЦЦА. Інакш заявіць пра сябе, аб правах чалавека, аб клопатах пра нашых людзей, няма. Мы спрабуем вывесьці людзей з пад юрыдычнае адказнасьці, і таму гэта будуць вольныя гуляньні, дастаткова відовішчныя.”

Адным з галоўных патрабаваньняў удзельнікаў акцыі да ўладаў будзе пахутчэньне расьсьледваньня справаў пра зьнікненьне Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага.

Пікеты ў абарону правоў чалавека пройдуць 10 сьнежня і ў іншых буйных гарадох Беларусі. А напярэдадні гэтых акцыяў Беларускі Гэльсынскі Камітэт правядзе міжнародную канфэрэнцыю, прысьвечаную Дню абароны правоў чалавека. У ёй возьмуць удзел праваабаронцы з Даніі, Швэцыі, Нарвэгіі ды іншых эўрапейскіх краінаў.

Альгерд Невяроўскі, Менск

XS
SM
MD
LG