Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


Надзвычайны факт міліцэйскага свавольства адбыўся днямі ў Ганцавічах. Без аніякай санкцыі й ордэра ахоўнікі правапарадку канфіскавалі ў мясцовага актывіста дэмактратычнага руху Пётра Гузаеўскага кампутарную тэхніку ды іншую маёмасьць.

Кампутарнае абсталяваньне Пётра Гузаеўскі атрымаў паводле дамовы ад Берасьцейскага Цэнтру “Вежа” ды захоўваў на прыватнай кватэры. Туды й завітаў участковы Мікалай Рабцэвіч разам са сваімі падначаленымі.

Доўга не разбіраючыся, міліцыянты пачалі складаць пратакол. Разам з кампутарам яны забралі і ўсё астатняе, што толькі падалося ім крамольным: розныя апазыцыйныя выданьні ды арыгінал-макет інфармацыйнага бюлетэня “Наша Ганцаўшчына”, выпуск якога Пётра Гузаеўскі зьбіраўся наладзіць. Менавіта гэта і стала прычынай, каб інкрымінаваць Пятру артыкул 172 Адміністрацыйнага кодэксу “Незаконны выраб і распаўсюджваньне сродкаў масавай інфармацыі”.

У той жа дзень пратакол, а таксама ўсё канфіскаванае, было перададзена ў Ганцавіцкі суд, які ўжо ў панядзелак распачаў разгляд справы. Аднак грамадзкаму абаронцу ад Беларускага Гэльсынскага Камітэту Юрыю Бунееву без асаблівых цяжкасьцяў удалося пераканаць судзьдзю Воўчыка ў тым, што дзеяньні міліцыянтаў былі абсалютна незаконнымі.

Па-першае, паводле вышэй названага артыкулу не прадугледжана аніякай канфіскацыі. Па-другое, складаньне пратаколу на незаконны выраб і распаўсюджваньне сродкаў масавай інфармацыі можа зьдзейсьняць толькі асоба, упаўнаважаная на гэта мясцовым саветам.

Урэшце, абсалютна беспадстаўна інкрымінуецца і сам 172 артыкул, бо без ніякай рэгістрацыі можна выдаваць і распаўсюджваць любы бюлетэнь ці газэту накладам да трохсот асобнікаў. Гэтых аргумэнтаў аказалася дастаткова і судзьдзя вярнуў і сам пратакол, а ўсё канфіскаванае назад - у раённы аддзел унутраных справаў.

Сёньня начальнік Ганцавіцкага РАУС Уладзімір Вішнявецкі адмовіўся па тэлефоне даць мне камэнтар да гэтых падзеяў. Ёсьць аднак зьвесткі, што міліцыянты цяпер і самі ня ведаюць, што рабіць, каб неяк выйсьці з таго становішча, у якое патрапілі з-за свайго самавольства.

Алесь Горбач, Ганцавічы

XS
SM
MD
LG