Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня пасьля трохгадзіннай прэсавай канфэрэнцыі, якую ў рэжыме on-line на сайце Хартыі-97(www.charter97.0rg) правёў Сямён Домаш, вядомы палітык адказаў на дадатковыя пытаньні карэспандэнта Радыё “Свабода”…

Пад час прэсавай канфэрэнцыі, на якой паўставала і пытаньне будучых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, было заяўлена, што апазыцыя не зусім падрыхтаваная да тых мэтадаў барацьбы, што прапануе Лукашэнка, Сямён Домаш адрэагаваў так: «Мы будзем змагацца сваімі мэтадамі». Ён лічыць, што больш як 60% жыхароў Беларусі — прыхільнікі аб'яднанай апазыцыі. Найбольш сэнсацыйнаю ў часе канфэрэнцыі была інфармацыя пра тое, што цяпер ужо распачатая падрыхтоўка больш за 30 тысячаў валантэраў на ўсёй Беларусі.

“Што гэта будуць за валантэры?” — спытаў карэспандэнт Радыё Свабода Сямёна Домаша:

(Домаш: ) «Па-першае, гэтая лічба – гэта мы з разьлікаў лічым, што такая колькасьць у нас павінная быць. Мы проста прыкідвалі з тымі магчымасьцямі палітычных і грамадзкіх арганізацыяў, якія могуць аказацца ў кааліцыі, наколькі яны могуць папрацаваць над такой лічбай. І прыйшлі да высновы, што гэта поўнасьцю магчыма. Гэта будуць людзі, якія ў першую чаргу будуць займацца інфармацыйнай дзейнасьцю, ну, калі так гаварыць, прапагандай таго будучага магчымага адзінага кандыдата, яны будуць працаваць над стварэньнем сьпісу тых людзей, якія могуць даць подпісы за кандыдата, яны будуць зьбіраць гэтыя подпісы, яны будуць удзельнічаць у далейшым нагляданьні за выбарамі – поўнасьцю ўжо на этапе правядзеньня выбараў. Поўнасьцю тыя актывісты, якія будуць удзельнічаць ва ўсёй кампаніі, пачынаючы ад раскруткі кандыдата да вынікаў выбараў”

(Карэспандэнт: ) “Я так разумею, што Вы ўжо пачалі інфармацыйную дзейнасьць і раскрутку кандыдата. Ці будзе гэта кандыдат – Домаш?”

(Домаш: ) “Ну, мне цяжка адказаць на гэтае пытаньне. Гэта не я адзін буду вырашаць. Я не магу зараз узяць на сябе такой адказнасьці, каб аб’явіць сябе гэтым адзіным кандыдатам. Гэта будзе вырашаць кааліцыя, якая будзе створаная”.

(Карэспандэнт: ) “А як Вам сёньняшні досьвед – інтэрнэт-канфэрэнцыі? Што Вы думаеце пра яе?”

(Домаш: ) “Канфэрэнцыя? Ну, яна мяне вельмі зацікавіла, і я думаю, што адбылася цікавая размова. Многія пытаньні, якія былі зададзеныя – яны проста ў мяне самога стварылі такі ўжо канкрэтны падыход да многіх пытаньняў, зь якімі я ўжо нават ня мог вызначыцца. Сёньня ўжо такое вызначэньне адбылося.”

Паводле ягоных словаў Домаша на канфэрэнцыі, аб'яднаная беларуская апазыцыя зараз распрацоўвае праграму супольных дзеяньняў як да выбараў, гэтак і пасьля перамогі. Гэтая праграма будзе агучаная на пачатку будучага году. Таксама кіраўнік «Рэгіянальнае Беларусі» зазначыў: «Балятавацца павінен ня Домаш асабіста, а адзіны кандыдат ад апазыцыі».

Ці мае апазыцыя грошы для папулярызацыі адзінага кандыдата? У аб'яднанай (вылучыў гэтае слова спадар Домаш) апазыцыі сродкі знойдуцца. Але, на ягоную думку, шмат будзе залежаць ад журналістаў усіх сродкаў масавай інфармацыі. Дарэчы, на пытаньне пра свае першыя крокі, якія б ён зрабіў, стаўшы прэзыдэнтам, Сямён Домаш даў наступны адказ: «Вызваліў бы СМІ з палону й спыніў бы рэпрэсіі».

Сябра прэзыдыюму Вярхоўнага Савету пабойваецца, што апазыцыя будзе мець некалькі альтэрнатыўных кандыдатаў, ды абяцае рабіць усё мажлівае, каб гэтага ня здарылася. Калі ж адзін з удзельнікаў інтэрнэт-канфэрэнцыі згадаў Пазьняка, Статкевіча, Чыгіра, Вячорку, а таксама «мітычнага кандыдата Марцава» (Марцаў — гэта рэдактар «БДГ», які сапраўды пісаў пра нейкага кандыдата, але пакуль не назваў ягонага прозьвішча), Сямён Домаш заявіў, цытую: «Як казаў прафэсар Прэабражэнскі, не чытайце перад ядою савецкіх газэтаў. Толькі большасьць апазыцыйных сілаў можа вылучыць сапраўднага адзінага кандыдата. Прыклад — Сэрбія».

У спадара Домаша пацікавіліся, ці мае ён ды іншыя патэнцыйныя кандыдаты ад апазыцыі асабістую ахову. «Дзякуй вам за клопат. Бог ня выдасьць, сьвіньня ня зьесьць», — напісаў ён у адказ.

Як будуць ісьці стасункі паміж Беларусьсю да Расеяй пасьля перамогі?

«Стасункі будуць сяброўскія, — лічыць спадар Домаш. — У Беларусі ні ў якім выпадку ня будзе дапушчаная дыскрымінацыя ніякіх нацыянальнасьцяў. З Расеяй нас жыцьцё прымусіць выпрацоўваць сумесныя праекты ў галінах: энэрганосьбітаў, транспарту, экалёгіі, касьмічных дасьледваньняў, аховы здароўя і г.д., — заявіў Сямён Домаш і дадаў, — але гэта мусіць грунтавацца на раўнапраўных партнэрскіх стасунках».

«Ці ёсьць у дэмапазіцыі канкрэтны плян — што рабіць, калі ўсё ж пераможа Лукашэнка?» — было й такое пытаньне… «Ёсьць плян, што ён не пераможа», — адказаў спадар Домаш.

Карэспандэнт Радыё “Свабода” таксама пацікавіўся пад час інтэрнэт-канфэрэнцыі, ці вядома спадару Домашу пра 108 мільёнаў даляраў, якія, паводле Аляксандра Лукашэнкі, ужо сёньня круцяцца ў апазыцыі дзеля падрыхтоўкі прэзыдэнцкіх выбараў, Сямён Домаш адказаў гэтак: “108 мільёнаў – гэта лухта Лукашэнкі. Нам трэба значна менш.”

Што да сюжэту з выступам Аляксандра Лукашэнкі перад кіраўніцтвам КГБ Беларусі, што ўчора быў прадэманстраваны Беларускім Тэлебачаньнем, спадар Домаш заявіў: “Гэта ўжо буйная гістэрыка чалавека, які баіцца”.

Кіраўнік Каардынацыйнай рады “Рэгіянальная Беларусь” на прозьбу пракамэнтаваць падзеі панядзелку, калі адбыліся значныя кадравыя зьмены, адказаў наступным чынам: “канвульсіі дыктатара, каб атрымаць уладу”. Спадар Домаш зазначыў таксама, што апазыцыя зможа працаваць з былым старшынём КГБ Уладзімірам Мацкевічам, калі той сам праявіць ініцыятыву. “Зараз, мне здаецца, ягонаму жыцьцю пагражае небясьпекі,” – дадаў Сямён Домаш.

Яшчэ ён лічыць сьмешным, калі танкіста паводле адукацыі прызначаюць на пасаду генэральнага пракурора. Было пад час інтэрнэт-канфэрэнцыі яшчэ адно пытаньне пра танкі: “Маўляў, дзеля ўлады Лукашэнка можа пайсьці на ўсё – ня толькі выкаціць на вуліцу танкі, але й пастраляць зь іх. Дык ці гатовая да гэтага апазыцыя?”. Вось як адказаў спадар Домаш: “Пасьля атрыманьня шасьцігадовага досьведу апазыцыя зараз гатовая да ўсяго. Можа, Лука і гатовы зараз пастраляць з танкаў, але наўрацьці танкісты яго падтрымаюць”.

На сайце «Хартыі-97» была зьмешчаная і біяграфія Сямёна Домаша, які прыкладам у палітыцы лічыць Вітаўта Вялікага. На пытаньне, чым жа Вітаўт так яго прывабіў, арганізатар канфэрэнцыі адказаў гэтак: «Стварэньнем моцнае беларускае дзяржавы, зь якою лічылася ўся Эўропа».

Таксама арыгінальна былы кіраўнік Гарадзенскае вобласьці адказаў на пытаньне, якая з краінаў можа значна паўплываць на будучыню Беларусі. Сямён Домаш напісаў: «Беларусь - у Эўропу…»

На пытаньне Радыё “Свабода” пра праблему ягонага асабняка ў Горадні, які спрабавалі адабраць, Сямён Домаш адказаў: «У сваім доме я жыву па-ранейшаму. Запрашаю ў госьці».

Юры Сьвірко, Менск

XS
SM
MD
LG