Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


Абодва прэтэндэнты на Белы Дом, Аль Гор і Джордж Буш, спрабуюць шляхам заблытаных юрыдычных працэдураў дасягнуць прызнаньня сваёй выбарчый перамогі ў штаце Флярыда. Адзін зь іх хоча, каб працягваць карысны для яго ручны пералік галасоў, а другі настоўйвае на тым, каб вынікаў ручнога пераліку цалкам не прызнаць…

У панядзелак Аль Гор зьвярнуўся ў акруговы суд у Талагасэ з выбарчым пратэстам, дамагаючыся ручнога пераліку галасоў у трох акругах штату. У Маямі-Дэйд пералік быў спынены з прычыны недахопу часу, а іншая акруга Пальм Біч не пасьпела пералічыць галасоў да панядзелку і аддала няпоўныя вынікі.

Аднак, выбарчы штаб Буша адрынуў прапанову дэмакратаў. Былы дзяржсакратар Джэймс Бэйкэр аспрэчыў цьверджньне прыхільнікаў Гора, што праігнараваныя былі 10-ць тысячаў галасоў, якія запэўнілі б перамогу Гора. Бэйкэр прадставіў пяць найлепшых юрыстаў, якія будуць адстойваць інтарэсы Буша ў судах.

Учора дэмакратычны кандыдат выступіў з яшчэ больш непрымальнай для канкурэнтаў прапановай: каб, пачынаючы ад сёньняшняга дня, цягам тыдня пералічыць рукамі ўсе галасы аддадзеныя на Флярыдзе. Паводле слоў Гора:

(Гор: ) “На жаль, літаральна гадзіну таму юрысты губэрнатара Буша адкінулі гэтую прапанову. Заміж таго яны прапанавалі два тыдні дадатковага судовага разьбіральніцтва і дадатковых слуханьняў ажно да 12-га сьнежня, калі канчаецца тэрмін прызначэньня сябраў Выбарчай калегіі”.

Гор абвінаваціў Джорджа Буша ў тым, што той спрабуе шляхам “зацягваньня, абструкцыі і працэдурных гульняў” выйграць час, каб атрымаць пацьверджаньне сваёй перамогі ў Флярыдзе. Рэспубліканскі кандыдат сапраўды можа быць зацікаўлены ў зацягваньні працэсу. Калі да 12-га сьнежня не закончацца судовыя працэсы і ня будуць прызначаныя 25-ць сябраў Выбарчае калегіі ад Флярыды, тады іх можа прызначыць заканадаўчы ворган Флярыды, ў якім большасьць маюць рэспубліканцы.

Хаця дараднік Буша Джэймс Бэйкэр адзначыў, што “ніколі ў Амэрыцы вынікі прэзыдэнцкіх выбараў не вырашаліся ў судзе”, абодва бакі падаюць у суды скаргу за скаргай. Група выбаршчыкаў з Пальм Біч зьвярнулася ў Вярхоўны Суд Флярыды з дамаганьнем, каб выбары ў гэтай акрузе цалкам паўтарыць. Яны цьвердзяць, што галасавалі памылкова з прычыны дрэнна апрацаваных бюлетэняў са сьпісамі кандыдатаў.

Судовае разьбіральніцтва тычыцца таксама галасоў вайскоўцаў з амэрыканскіх базаў ў сьвеце. Рэспубліканцы цьвердзяць, што, адкідаючы шматлікія галасы нібыта з прычыны фармальных хібаў, вайскоўцы былі “пазбаўленыя права голасу”. Акрамя таго, з сумесным пазовам выступіла група нюёрцкіх афраамэрыканцаў на чале з Алянам Шарптанам.

Яны лічаць, што ў Маямі-Дэйд была непрызнаная асабліва вялікая колькасьць галасоў чорных жыхароў штату, што зьяўляецца парушэньнем іхных грамадзянскіх правоў, як гэта бывала ў 50-я-60-я гады.

Мяркуецца, што ключавую ў цяперашняй юрыдычнай баталіі пастанову павінен прыняць у пятніцу Вярхоўны Суд ЗША, у які зьвярнуліся абодва выбарчыя штабы. Дэмакраты хочуць, каб Суд загадаў ўлічыць вынікі ручнога пераліку галасоў на Флярыдзе, а рэспубліканцы наадварот - каб застацца пры выніках мэханічнага падліку.

Не зважаючы на тэлевізійны зварот Гора да грамадзтва, каб тое дало яму шанец даказаць у судзе, што ён перамог на выбарах, амэрыканцы пачынаюць траціць цярплівасьць. Згодна апошняму апытаньню, 62 адсоткі амэрыканцаў лічаць, што выбарчая баталія цягнецца задоўга.

Палова апытаных лічыць, што Джордж Буш павінен быць абвешчаны пераможцам, і толькі 16-ць адсоткаў лічаць, што наступным прэзыдэнтам павінен быць Аль Гор.

Кастусь Бандарук, Прага

XS
SM
MD
LG