Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Скончылася інтрыга вакол найбольш сэнсацыйнай учорашняй адстаўкі — Віктара Шэймана. Цяпер ён заняў мейсца звольненага Алега Бажэлкі ды будзе генэральным пракурорам Беларусі. А сам Аляксандар Лукашэнка мае намер рэфармаваць Раду Бясьпекі на чале з Уралам Латыпавам, зрабіўшы яе аналітычным цэнтрам.

Сёньняшняя “Советская Белоруссия” надрукавала ўчорашнія кадравыя ўказы Лукашэнкі. Выявілася, што ён першым звольніў генэральнага пракурора Алега Бажэлку, падпісаўшы указ №618. Потым указам №620 Лукашэнка пазбавіў Віктара Шэймана пасады дзяржаўнага сакратара Рады Бясьпекі, а наступным — 621-м — звольніў таго з узброеных сілаў. Указамі 622-м ды 623-м быў звольнены ды адразу прызначаны Ўрал Латыпаў, і гэтак далей.

А вось таямнічы указ №619, што храналягічна быў падпісаны адразу пасьля ўказу пра звальненьне спадара Бажэлкі, дагэтуль не апублікаваны. Усе мае ранішнія спробы высьветліць, ці ня быў раптам прызначаны гэтым указам новы генэральны пракурор, былі марнымі. Аднак а першай гадзіне дня Беларуская тэлевізія паведаміла, што Аляксандар Лукашэнка зрабіў генэральным пракурорам Віктара Шэймана. Цяпер кіраваць пракуратураю Рэспублікі Беларусь будзе выпускнік найвышэйшае танкавае каманднае вучэльні — чалавек, які ў 1994 годзе быў маёрам, а цяпер ёсьць генэрал-маёрам запасу.

Выглядае, што панядзелак быў цяжкім толькі для двух былых кіраўнікоў — Алега Бажэлкі ды Ўладзімера Мацкевіча, якім прыпісваюць спробу абнародваць падрабязнасьці расьсьледваньня справаў Зьмітра Завадзкага ды Віктара Ганчара. Такія сілавікі, як Віктар Шэйман ды міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, засталіся пры ўладзе. Праўда, тэлепраграма “Панарама” яшчэ напярэдадні, спаслаўшыся на крыніцы ў прэзыдэнцкай адміністрацыі, абвесьціла, што ўсе звольненыя будуць працаўладкаваныя з улікам іхнага досьведу. Першым уладкаваўся спадар Шэйман.

А сёньня Беларуская телевізія паведаміла, што на сустрэчы з найвышэйшымі афіцэрамі КГБ Аляксандар Лукашэнка, цытую, “зь першых словаў свайго выступу жорстка ды пераканаўча прадэманстраваў, што ўсе беларускія сілавыя ведамствы знаходзяцца пад кантролем грамадзянскіх уладаў”.

Прадстаўляючы цэнтральнаму апарату КГБ новага кіраўніка Леаніда Ерына, які ў 1995 годзе ўзначальваў управу расейскае Фэдэральнае службы бясьпекі ФСБ ў Маскве ды Маскоўскай вобласьці, спадар Лукашэнка заявіў: сваёю 5-гадоваю працаю на пасадзе першага намесьніка КГБ Беларусі спадар Ерын давёў, што ня ёсьць чалавекам, якога ўкараніла расейская ФСБ, а ёсьць “вашым чалавекам”, сказаў Лукашэнка кіраўнікам КГБ.

Тамсама Аляксандар Лукашэнка растлумачыў кіраўніцтву КГБ кадравыя зьмены ў сілавых структурах. Як перадае агэнцыя “Интерфакс”, галоўнай прычынаю адставак кіраўнікоў гэтых ведамстваў былі “найсур’ёзьнейшыя ўпушчэньні ў арганізацыі працы ды расьсьледваньні злачынстваў, улучна з гучнымі справамі”. Спадар Лукашэнка выказаў занепакоенасьць асобнымі праявамі (якія існуюць) міжведамаснае разьяднанасьці сілавікоў і заклікаў іх дзейнічаць больш зладжана ды эфэктыўна.

Паводле “Интерфакса”, Аляксандар Лукашэнка мае намер найбліжэйшым часам рэфармаваць структуру Рады Бясьпекі, вызначыўшчы ейную галоўную ролю як ня толькі каардынатара дзейнасьці праваахоўных структураў, але й аналітычнага цэнтру.

Юры Сьвірко, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG