Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Улады Флярыды аддалі ў нядзелю перамогу на выбарах у сваім штаце кандыдату ў прэзыдэнты ад рэспубліканцаў Джорджу Бушу. Буш заявіў, што пачынае рыхтавацца да таго, каб выконваць абавязкі прэзыдэнта ЗША і прыступае да фармаваньня адміністрацыі. Паводле Гора, спрэчка з падлікам галасоў яшчэ ня скончылася. Дэмакраты зьбіраюцца апратэстоўваць вынікі падліку гадасоў у судзе.

Перамога ў Флярыдзе прынесла Бушу галасы ўсіх 25-ці выбаршчыкаў гэтага штату. Гэта дазволіць яму пераадолець мяжу ў 270 галасоў, неабходных для перамогі. Адразу пасьля абвешчаньня вынікаў падліку, Буш выступіў па тэлебачаньні з прамовай, зь якой вынікала, што ён лічыць сябе абраным прэзыдэнтам ЗША. Ён паведаміў, што прызначыў Чэйні кіраўніком сваёй пераходнай каманды.

(Буш: ) “Дзяржаўны сакратар Чэйні і я ганарымся і адначасова ніякавеем ад таго, што мы перамаглі ў штаце Флярыда. Гэта дае нам неабходную колькасьць галасоў выбаршчыкаў, каб выйграць выбары. Таму мы бярэм на сябе адказнасьць за падрыхтоўку да пачатку працы ў якасьці наступных прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта Амэрыкі."

Буш таксама зьвярнуўся да Гора з просьбай зьмяніць сваё рашэньне і не аспрэчваць вынікаў выбараў.

Адвакаты каманды Гора заявілі, што будуць працягваць змагацца за справядлівасьць. Буш атрымаў перавагу ўсяго у 537 галасоў – альбо пяць дзесяцітысячных адсоткі тых, хто прыняў удзел у галасаваньні ў ЗША. Падліковая камісія ў Палм-Біч яшчэ працягвала ўручную лічыць галасы на момант абвешчаньня вынікаў галасаваньня ў штаце: ім заставалася апрацаваць каля 200 тысячаў бюлетэняў. Такім чынам, на думку дэмакратаў, незаконна засталіся няўлічанымі сотні галасоў. Кандыдат у віцэ-прэзыдэнты ад дэмакратаў Джозэф Лібэрман заявіў:

(Лібэрман: ) “Сёньня ўвечары статс-сакратар Флярыды вырашыла зацьвердзіць вынікі няпоўнага і недакладнага, паводле ўсіх разумных крытэрыяў, падліку галасоў выбаршчыкаў у штаце Флярыда.”

У пятніцу павінна адбыцца паседжаньне Вярхоўнага суду ЗША. Суд разгледзіць зыск рэспубліканцаў у сувязі з падвядзеньнем вынікаў выбараў. Нагадаю, рэспубліканцы лічаць незаконным рашэньне суду Флярыды дазволіць ручны пералік галасоў у шэрагу акругаў. Апрэч таго, у судах розных інстанцыяў разглядаюцца зыскі абедзьвюх партыяў адносна працэдуры падліку галасоў у некалькіх акругах Флярыды.

Афіцыйныя вынікі, якія сьцьвярджаюць, што ў Флярыдзе перамог Джордж Буш, абвесьціла статс-сакратар Флярыды Кэтрын Гарыс:

(Гарыс: ) “За губэрнатара Джорджа Буша – 2 млн. 912 тыс. 790 галасоў, за віцэ-прэзыдэнта Альбэрта Гора – 2 млн. 912 тыс. 253 голаса адпаведна. Ад імя падліковай камісіі штату і ў адпаведнасьці з законамі Флярыды, я абвяшчаю, што 25 выбаршчыкаў ад штату Флярыды павінны прагаласаваць за губэрнатара Джорджа Буша ў якасьці прэзыдэнта ЗША.”

Сёньня чакаецца тэлевізійны зварот Альбэрта Гора да амэрыканцаў. Гор зьбіраецца прасіць сваіх прыхільнікаў набрацца цярплівасьці і патлумачыць, чаму не спыняе барацьбу.

Да 12 сьнежня ўсе штаты павінны палагодзіць супярэчнасьці, зьвязаныя з выбарамі, каб іхныя пасланцы маглі быць зарэгістраваныя ў калегіі выбаршчыкаў. Калегія ў часе таемнага галасаваньня абярэ 18 сьнежня 43-га прэзыдэнта ЗША.

Алена Радкевіч, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG