Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 25 лістапада)
Эканамічны агляд мінулага тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

Не аднойчы А.Лукашэнка заяўляў, што эканоміка Рэспублікі Беларусь зьяўляецца самай устойлівай і дынамічнай сярод краінаў СНД. Але цяжка ўспрымаць такія заявы, калі жыццёвы ўзровень насельнікаў краіны не расьце, а зьніжаецца, калі даходы большае часткі працоўных ніжэй рысы беднасьці. Пра якую стабільнасьць эканомікі можна гаварыць, калі сёлета за 10 месяцаў спажывецкія цэны вырасьлі на 87,4%. Такі рост ліквідуе рэальную прыбаўку ў заробкавай плаце — як у кастрычніку, гэтак і наперад абяцанае падвышэньне ў сьнежні.

Беларусь усё-ж выйшла ў лідэры сярод краінаў СНД, але толькі са знакам мінус, менавіта па росту інфляцыі. Паводле дадзеных міждзяржаўнага статыстычнага камітэту СНД менавіта ў Беларусі зафіксаваныя самы высокі ўзровень інфляцыі на спажывецкім рынку. За студзень-верасень ён дасягнуў 78,1%.

Статысты СНД лічаць высокай інфляцыю ў Таджыкістане (33,1%) і ва Ўкраіне (21,6%). Але ж гэта ў 2,5-4 разы ніжэй, чым у Беларусі.

Асабліва небясьпечнай выглядае інфляцыя ў Беларусі ў параўнаньні зь яе узроўнем у суседняй Расеі, дзе агульны ўзровень інфляцыі за аналізуемы пэрыяд склаў толькі 14,1%, а на харчовыя тавары яшчэ меней — 11,6%. Менавіта гэтая акалічнасьць прывяла да таго, што харчовыя тавары — масла, малако, алей, піва хлынулі з Расеі на Беларусь. Асабліва ва ўсходнія вобласьці — Гомельскую, Магілеўскую і Віцебскую.

А колькі год таму было наадварот. З аднаго боку для беларускага спажыўца гэта нядрэнна, бо паступаюць танныя прадукты, а з другога — гэта жорсткая канкурэнцыя для мясцовых вытворцаў. Як бачым, умовы гэтак званае “інтэграцыі” зьмяніліся. Усе расейскія тавары, апроч гарэлкі, цяпер ужо таньнейшыя за беларускія.

У сфэры цэнаўтварэньня Беларусь апынулася ў своеасаблівым тупіку, таму, што няма барацьбы зь інфляцыяй попыту (няспынна расьце намінальная заробкавая плата), зь інфляцыі прапановы (падвышаюцца выдаткі вытворчасьці, бо даражэюць рэсурсы). Але гэта, на думку аналітыкаў, не галоўнае прычыны росту цэнаў. Эмісія пустых грошай — вось што сілкуе інфляцыю. Спачатку года рублёвая маса ў абарачэньні амаль падвоілася. І з прычыны папулісцкае эканамічнае палітыкі пакуль што няма надзеі, што празьмерная эмісія грошай будзе спынена.

Уладзімер Кулажанка, Менск

XS
SM
MD
LG