Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


Адстаўкі ў беларускіх сілавых установах і Міністэрстве культуры камэнтуе палітоляг Валер Карбалевіч.

(Карэспандэнт: ) “На Вашую думку, чым кіраваўся Лукашэнка, калі ў адзін дзень фактычна падпісаў указ пра замену чатырох кіраўнікоў важных установаў, і якія гэта можа мець наступствы?”

(Карбалевіч: ) “Я думаю, што супярэчнасьці паміж сілавымі структурамі дасягнулі такой мяжы, што сталі небясьпечнымі для існаваньня самаго рэжыму. І зьяўленьне ў Інтэрнэце інфармацыі аб зьнікненьні Завадзкага менавіта аб гэтым і сьведчыць. Карпаратыўныя інтарэсы, асабліва ў сілавых структурах, сталі пераважаць над інтарэсамі рэжыму наогул і яго кіраўніка. І гэта стала небясьпечна для Лукашэнкі, асабліва перад прэзыдэнцкімі выбарамі.

Гэта азначае, што намэнклятура асьмялела і пачала гуляць у нейкія свае гульні, якія разыходзяцца з інтарэсамі ўсяго рэжыму і інтарэсамі Лукашэнкі ў першую чаргу. Гэтыя супярэчнасьці маглі прывесьці да таго, што маглі б стаць вядомымі нейкія факты аб зьнікненьні людзей, якія Лукашэнка хацеў бы схаваць.

Таму Лукашэнка хоча кансалідаваць кіраўнічую каманду напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, хоча паказаць, хто ў доме гаспадар, і гэта ўрок для ўсёй намэнклятуры.

Акрамя гэтага, можна даць і такі адказ, што Лукашэнка спрабуе стварыць новы імідж рэжыму і строгага, але справядлівага кіраўніка, які не пашкадаваў нават блізкіх сяброў. Тут можна правесьці аналёгію, калі Ельцын напярэдадні другіх прэзыдэнцкіх выбараў памяняў усю каманду сілавікоў – і тым самым атрымаў значна большую колькасьць галасоў выбаршчыкаў.

Я вельмі скептычна стаўлюся да вэрсіі, што Лукашэнка – гэта марыянэтка Масквы, што Масква стаіць за кожным крокам Лукашэнкі, што яна торгае за вяровачкі. Я думаю, мы перабольшваем уплыў Крамля на палітычныя паводзіны Лукашэнкі, на кадравыя перастаноўкі.

А што да таго, што ўсе новыя прызначэнцы рускія – дык гэта, магчыма, некаторую ролю адыгрывае. Паводле Канстытуцыі 96-га году, будучым прэзыдэнтам можа стаць толькі грамадзянін, які нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі – ня вельмі зразумелая юрыдычная фармулёўка, але калі людзі прыехалі ў Беларусь, а не нарадзіліся тут – гэта ставіць пад сумненьне іхную магчымасьць змагацца за пасаду прэзыдэнта. І, магчыма, ён ставіць людзей, якія пры любых абставінах ня будуць спрачацца зь ім за пасаду прэзыдэнта”.

Гутарыла

Вольга Караткевіч, Прага

XS
SM
MD
LG