Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Анонс культурных падзеяў на тыдзень: найбольш цікавыя імпрэзы, якія маюць быць з 27 лістапада да 3 сьнежня.

Панядзелак
Сёньня, у Дзень герояў Слуцкага збройнага чыну, у Менску ў сядзібе БНФ на Варвашэні, 8 адчыняецца мастацка-дакумэнтальная выстава “Чын на волю”, у экспазыцыі якое прадстаўленыя архіўныя дакумэнты, партрэты змагароў, рэканструяваны баявы сьцяг першага палку 1-е Слуцкае брыгады, а таксама мастацкія творы Алеся Пушкіна.

80-м угодкам Слуцкага збройнага чыну прысьвечаная і выстава мастацкае суполкі “Пагоня”, якая сёньня адчынілася ў Рэспубліканскай галярэі Дзіцячага экалягічнага цэнтру. Тамсама “пагонеўцы” сёньня наладзілі выставу, прысьвечаную 650-годзьдзю вялікага князя Вітаўта ды 590-годзьдзю Грунвальдзкае перамогі.

У Віцебску ў літаратурным музэі працягвае працаваць выстава, прысьвечаная 70-годзьдзю Ўладзімера Караткевіча. А ў Горадні сёньня грае выбітны менскі ансамбаль салістаў “Клясык-авангард”.

Аўторак
Апошнія вершы з новых цыкляў Рыгора Барадуліна ў аўтарскім выкананьні прэзэнтуе ў гэты дзень Беларускі калегіюм, які, нагадаем, працуе па аўторках у менскай бібліятэцы імя Янкі Купалы. З тэатральнае сталічнае афішы вылучаецца ўжо легендарны спэктакаль Малога тэатру “Камедыя” паводле п’есаў Каятана Марашэўскага й Францішка Аляхновіча.

Серада
Нацыянальны Акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы ладзіць афіцыйную імпрэзу з нагоды свайго 80-годзьдзя, а ў сталічным кінатэатры “Кастрычнік” афіцыйна зачыніцца 7-ы Міжнародны кінафэст постсавецкага кіно “Лістапад”.

Чацьвер
У Лёндане на конкурсе прыгажосьці “Міс сьвету–2000” будзе змагацца за тытул “самае-самае” Сьвятлана Крук, студэнтка Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

Землякі ж Сьвятланы ў гэты дзень могуць стаць гледачамі першага на сцэне абласнога драматычнага тэатру мюзіклу пад назовам “Сабакі”, які паводле п’есы Канстантына Сергіенкі паставіў новы галоўны рэжысэр горадзенцаў Сяргей Палішчэнкаў.

А ў сталічным Доме літаратара адбудзецца ўрачыстая вечарына, прысьвечаная 70-годзьдзю Ўладзімера Караткевіча.

Канцэртная заля “Менск” запрашае прыхільнікаў рок-гурту “Нейро Дюбель” на прэзэнтацыю праграмы “Народное достояние”, якую складаюць усе гіты гурту ўлучна з непаўторным “Переехало комбайном”.

Пятніца
Беларуская Музычная Альтэрнатыва супольна з агэнцыяй “Лінія гуку” распачынае канцэртны тур “Вольныя танцы”, у якім бяруць удзел “Палац”, “Крама”, “Тройца”, “N.R.M.”, “Postscriptum” ды іншыя любімыя маладою публікаю беларускія рок-гурты. Іх канцэрты плянуюцца цягам сьнежня ў Воршы, Магілеве, Берасьці, Горадні, Гомлі, Стоўбцах.

А ў сталічным кінатэатры “Зьмена” будзе паказаны дакумэнтальны фільм рэжысэра Міколы Гайдука “Рэха Слуцкага збройнага чыну”.

Субота
На сцэне сталічнага клюбу імя Дзяржынскага Мікола Пінігін — са сваёй новай прэм’ераю “Стрыптыз”, якую ён паставіў паводле абсурдысцкае п’есы Славаміра Мрожака.

Гэтаю тэатральнаю прэм’ераю моднага рэжысэра адметная і нядзельная афіша беларускіх культурніцкіх імпрэзаў, якія прадставіла

Валянціна Аксак, Менск

XS
SM
MD
LG