Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня французкая газэта Liberation надрукавала артыкул пад назвай “Сэрыя зьнікненьняў сярод апанэнтаў сярод апанэнтаў беларускага прэзыдэнта”.

Шмат хто ў ланцугу зьнікненьняў бачыць руку кіраўніка дзяржавы

Элен Дэспіч-Поповіч, спэцыяльны карэспандэнт у Менску

Віктара Ганчара апошні раз бачылі 16 верасьня 1999 году ў кампаніі Анатоля Красоўскага, калі яны выходзілі з лазьні. На месцы, дзе Красоўскі звычайна паркаваў сваю машыну, былі знойдзеныя асколкі шкла і сьляды крыві. Ад таго часу — ніякіх зьвестак пра гэтых людзей. «Джып Чырокі» Красоўскага таксама так ніколі й ня быў знойдзены. Ганчар — адзін з самых вядомых сярод тых, хто зьнік бязь следу. Гэты чалавек некалі дапамог аўтарытарнаму лідэру Лукашэнку прыйсьці да ўлады. Пасьля ён ад яго дыстанцыяваўся. Перайшоўшы ў апазыцыю, ён сьцьвердзіў сябе як галоўнага дзеяча паралельнага Парлямэнту — вернага Канстытуцыі і прызнаванага міжнароднай супольнасьцю — выступіўшы з пратэстам супраць канстытуцыйнай рэформы, навязанай прэзыдэнтам у 1996 годзе. Апошні праз рэфэрэндум пашырыў сваю асабістую ўладу і ўдвая зьменшыў колькасьць дэпутатаў, зрабіўшы з Парлямэнту паслухмяную марыянэтку. Шмат хто бачыў у Ганчары магчымую альтэрнатыву дыктатару.

Іншыя зьніклі яшчэ раней. Першаю ў красавіку 1999 году была Тамара Віньнікава, старшыня Нацыянальнага Банку. Празь месяц настала чарга былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, які, патэлефанаваўшы жонцы з гаража, так і не вярнуўся дадому. Сёлета ў ліпені, сустракаючы сябра на менскім лётнішчы, зьнік тэлеапэратар Дзьмітры Завадзкі. Усіх іх аб’ядноўвала адна рэч: кожны зь іх быў некалі блізкі да прэзыдэнта. Казалі, што Віньнікава належала да вельмі блізкага яму кола. Ганчар і Захаранка, перш чым збунтавацца, займалі высокія пасады. А Завадзкі быў адным зь першых журналістаў, дапушчаных у прэзыдэнцкі палац.

Злачыннае маўчаньне

Раптоўнае зьяўленьне Віньнікавай, якая праз шэсьць месяцаў таямніча апынулася ў Лёндане, нічым не праясьніла справы. Абвінавачаная ў злоўжываньні публічнай маёмасьцю, зьняволеная, пасьля пасаджаная пад хатні арышт, яна невядома як здолела ўцячы ад ахоўнікаў. У Лёндане яна надавала шмат інтэрвію, у якіх так нічога і не патлумачыла. Ходзяць чуткі, што яна пайшла на нейкі кампраміс з рэжымам. «Яе вызваленьне мела за мэту прыхаваць крымінальны характар іншых зьнікненьняў», - цьвердзіць Гары Паганяйла, колішні адвакат Віньнікавай і Ганчара, прадстаўнік Беларускага Гельсынскага Камітэту.

Ці з апазыцыянэрамі, якія зашмат ведалі і таму былі небясьпечныя, расправіліся спэцслужбы? Шмат хто думае менавіта гэтак. «Арышт апазыцыянэраў і цяганьне іх па судох заўсёды прыцягвае ўвагу міжнародных арганізацыяў. Калі людзі зьнікаюць, улады абвінаваціць цяжэй, і інфармацыя нікуды не выходзіць», - падкрэсьлівае палітоляг Сьвятлана Навумава. Захаранка зьнік пасьля таго, як заснаваў магутную незалежную афіцэрскую арганізацыю, у якую ўвайшлі вэтэраны Афганістану, колішнія супрацоўнікі КГБ, міліцыянты і вайскоўцы, зазначае Паганяйла. Што да Ганчара, дык ён зьнік за два дні да важнага паседжаньня Парлямэнту, на якім ён меўся старшыняваць. «Калі б улады былі сумленныя, яны б растлумачылі, што яны зрабілі ў справе пошукаў. А ўлады маўчаць, і чым больш яны маўчаць, тым больш ёсьць падставаў думаць, што яны самі маюць дачыненьне да ягонага зьнікненьня», - дадае адвакат. Факты зьнікненьня яшчэ больш паглыбілі стан няпэўнасьці і неспакою, спароджаны рэпрэсіямі супраць апазыцыі.

Мішэнь

У шэрагах апазыцыі мяркуюць, што імя будучага супольнага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах не павінна быць названае занадта рана, каб і ён не зрабіўся ахвярай зьнікненьня. Прэсу таксама хвалюе лёс апэратара Завадзкага, які якраз перад зьнікненьнем падрыхтаваў рэпартаж пра Чэчэнію, дзе ён выкрыў удзел у тамтэйшай вайне колішніх афіцэраў беларускіх спэцслужбаў на баку чэчэнцаў. Гэтае выкрыцьцё не магло спадабацца прэзыдэнту Лукашэнку, які выступае за саюз з Расеяй.

«Што ведаем, тое й публікуем. Мы ня маем магчымасьці весьці сапраўднае расьсьледаваньне, - прызнае Аляксандар Гуляеў, віцэ-прэзыдэнт Беларускай Асацыяцыі Журналістаў. - Адзінае, што мы можа рабіць — гэта не забывацца. Трэба, каб грамадзтва памятала, што людзі зьнікаюць?. У Беларусі незалежная прэса амаль ня мае магчымасьці быць пачутай. Яна практычна зьнікла зь інфармацыйнага краявіду; сукупны тыраж незалежнай прэсы складае 300 тысячаў асобнікаў, у параўнаньні з 3 мільёнамі дзяржаўных выданьняў. Сродкі здушэньня самыя разнастайныя: эканамічны і падаткавы ўціск, дзеля якога незалежныя газэты каштуюць даражэй за дзяржаўныя, велізарныя штрафы і папярэджаньні. Да іх дадаецца перарэгістрацыя, якая праводзіцца кожны раз, калі мяняецца закон: за апошнія пяць гадоў гэта адбылося ўжо тройчы.

Палітычныя працэсы

Аднак нягледзячы на ўсе нягоды, незалежная прэса жыве. І паводле Гуляева, ніводная газэта не зьмяніла рэдакцыйнай палітыкі з прычыны зьнікненьняў. «Незалежная прэса і апазыцыя існуюць не дзякуючы дзяржаве, а насуперак ёй», - падкрэсьлівае Сьвятлана Навумава. Як цьвердзяць праваабарончыя арганізацыі, сотні, нават тысячы людзей былі прыцягнутыя да судовай адказнасьці з палітычных матываў. Ад часу прыходу Лукашэнкі да ўлады адбылося ўжо некалькі палітычных працэсаў, закамуфляваных часам пад крымінальныя справы. Шмат хто ў краіне страціў працу. Ці можна ў гэткай сытуацыі казаць пра дыктатуру? Гары Паганяйла называе гэта «вяртаньнем да савецкіх часоў».

Гэта цьверджаньне, вядома, перабольшанае, бо яно ня ўлічвае намаганьні рэжыму, хай сабе й абмежаваныя, пайсьці на пэўныя саступкі каб прарваць міжнародную ізаляцыю, на якую засудзіла яго Эўропа за адсутнасьць у краіне дэмакратыі. «Лукашэнка, - зазначае Сьвятлана Навумава, - толькі патэнцыйны дыктатар. Ён ня мае сродкаў на сваю палітыку. Савецкі Саюз мог дазволіць сабе стварэньне «жалезнай заслоны», Беларусь ня мае на гэта грошай».

AMNESTY INTERNATIONAL ВЫКРЫВАЕ ПАЎЗУЧУЮ ДЫКТАТУРУ

[Рэдакцыйная інфармацыя ]

Сотні арыштаў, залежнасьць судоў ад выканаўчай улады, здушэньне апазыцыі: сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі мае ўсе рысы паўзучае дыктатуры, кіраванай Аляксандрам Лукашэнкам. Прэзыдэнт францускага аддзелу міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International згадаў пра гэта ў сераду перад парлямэнтарамі з групы француска-беларускага сяброўства, якая мае за мэту кантактаваць «зь беларускім народам, а не з рэжымам». «За два апошнія гады становішча пагоршылася», - падкрэсьліў ён, спасылаючыся на зьнікненьні апазыцыянэраў. Amnesty International актыўна выступіла ў справе Андрэя Клімава, які быў зьняволены ў 1998 годзе і быў у лістападзе абвешчаны гэтай арганізацыяй «вязьнем месяца». Сярод сабраных сьведчаньняў выклікае трывогу пэўны паварот у палітыцы рэжыму што да наступстваў Чарнобылю. У Беларусі, краіне найбольш пацярпелай ад катастрофы, ад радыяактыўнага заражэньня церпяць 800 тысячаў дзяцей. «Аднак сёньня гэтая тэма стала табу, і ўлады змушаюць насельніцтва да вяртаньня ў заражаную зону», - падкрэсьлілі сьведкі, запрошаныя выступіць перад парлямэнтарамі.

Пераклаў

Сяргей Шупа, Вільня

XS
SM
MD
LG