Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Больш за год у МУС Беларусі працуе аддзел аналізу і апрацоўкі грамадзкай інфармацыі, які нефармальна завецца “тэлефонам даверу”. Міліцэйскія чыноўнікі спадзяваліся праз гэтую службу атрымліваць апэратыўную інфармацыю ад людзей, каб гэта паспрыяла іхнай працы ў барацьбе са злачыннасьцю. Але надзеі аказаліся марнымі.

Гэтак званыя “тэлефоны даверу” існуюць у розных краінах Заходняй Эўропы. Там законапаслухмяныя грамадзяне пераважна скардзяцца на сваіх суседзяў, якія на іхную думку своечасова не заплацілі падаткі, ці ня там прыпаркавалі свой аўтамабіль. У Беларусі ж бальшыня пільных грамадзянаў скардзіцца на саміх супрацоўнікаў міліцыі. Мужчыны тэлефануюць з-за крыўды на супрацоўнікаў ДАІ, а жанчыны — на ўчастковых інспэктараў і сьледчых крымінальнага вышуку.

Толькі невялікая частка званкоў дае гэтак званую “апэратыўную інфармацыю”. Гэта тыя выпадкі, калі тэлефануюць бацькі падлеткаў, якія заўважылі, што іхныя дзеці ўжываюць наркотыкі. Бацькі называюць нумары тэлефонаў і адрэсы, дзе, на іхную думку, захоўваюцца наркотыкі. Яшчэ некаторыя грамадзяне ананімна “пастукваюць” на суседзяў, якія вырабляюць самагон на продаж.

Колькасьць званкоў залежыць ад сэзону года. Увесну і ўвосень яна значна падвышаецца. Улетку, калі людзі разьяжджаюцца па лецішчах — спадае. Апэратары “тэлефона даверу” адзначаюць таксама залежнасьць ад фазаў Месяцу.

Ёсьць статыстычныя дадзеныя па вобласьцях Беларусі. Жыхары Менску й Менскае вобласьці паводле колькасьці зваротаў у службу “тэлефона даверу” займаюць першае мейсца. Потым ідуць Віцебская, Гомельская, Берасьцейская і Магілеўская вобласьці. Самы нізкі паказьнік на Гарадзеншчыне.

Кіраўнічка аддзелу аналізу і апрацоўкі грамадзкай інфармацыі Ганна Кузьняцова паведаміла радыё Свабода: “Самы пік званкоў прыпаў на пэрыяд, калі беларуская тэлевізія запусьціла рэклямны ролік пра “тэлефон даверу”. Тады штодня мы атрымлівалі па 150 званкоў і ўсе яны са скаргамі на міліцыянтаў. Пра іх грубасьць, некарэктныя паводзіны. Называліся іхныя прозьвішчы, пасады… Але гэта таксама інфармацыя”.

Далей Ганна Кузьняцова распавяла нашаму радыё: “Каб палепшыць сваю працу, мы зьезьдзілі ў Маскву. Там “тэлефон даверу” працуе хутчэй за ўсё, як псыхалягічная дапамога, у тым ліку й супрацоўнікам міліцыі. Дарэчы, нам таксама час ад часу тэлефануюць ананімна міліцыянты. Яны скардзяцца на сваё начальства. Дзеці й падлеткі да нас не зьвяртаюцца. Тэлефануюць даволі часта людзі зь няўстойлівай псыхікаю. Шмат людзей спадзяюцца атрымаць юрыдычную інфармацыю, але мы гэтым не павінны займацца і раім ім зьвяртаца ў юрыдычныя кансультацыі”, — паведаміла кіраўнічка службы “тэлефона даверу” Ганна Кузьняцова.

“Тэлефон даверу” не апраўдаў спадзеваў міністэрскіх чыноўнікаў, якія чакалі дапамогі жыхароў краіны ў змаганьні са злачыннасьцю. У выніку міліцыянты вымушаныя выслухваць скаргі на саміх сябе.

Любоў Лунёва, Менск

XS
SM
MD
LG