Парлямэнцкая асамблея NATO выказвае глыбокае шкадаваньне з нагоды таго,
што парлямэнцкія выбары ў Беларусі, якія прайшлі 15 і 29 кастрычніка, не
адпавядалі міжнародным патрабаваньням да свабодных, справядлівых, падсправаздачных
і празрыстых выбараў. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай рэзалюцыі Парлямэнцкай
асамблеі NATO ў справе Беларусі, аднагалосна прынятай на плянарным паседжаньні
чарговае сэсіі асамблеі, што прайшла ў Берліне.
Паводле Мечыслава Грыба, які разам з Анатолем Лябедзькам у якасьці назіральнікаў
удзельнічалі у сэсіі, праект рэзалюцыі рыхтаваўся польскай дэлегацыяй для
Грамадзянскага камітэту — структурнага аддзелу Парлямэнцкай асамблеі NATO.
Прапановы таксама ўносілі прадстаўнікі Злучаных Штатаў Амэрыкі й Нямеччыны.
У прыватнасьці, яны хацелі ўключыць у дакумэнт палажэньне пра тое, што
адзіным легітымным вышэйшым законадаўчым ворганам у Беларусі зьяўляецца
Вярхоўны Савет 13-га скліканьня. Пра тое, што з гэтага атрымалася — распавядае
Мечыслаў Грыб:
(Грыб: ) “Маё недаўменьне – прадстаўніцтва Вялікай Брытані выступіла
супраць. Іх падтрымала прадстаўніца Італіі”.
Гэта быў назіральнік на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі NATO Мечыслаў Грыб.
А прадстаўнік Расеі, якая зьяўляецца асацыяваным сябрам Парлямэнцкай
асамблеі NATO, дамагаўся, каб рэзалюцыя ў справе Беларусі ўвогуле была
зьнятая з абмеркаваньня. Ягоны дэмарш, аднак, посьпеху ня меў…
Гаворыць спадар Грыб:
(Грыб: ) “На цывільным Камітэце супраць гэтай рэзалюцыі выступаў прадстаўнік
Расейскай Фэдэрацыі, прадстаўнік дзяржаўнай Думы, які прапанаваў зьняць
гэтую рэзалюцыю і наоглу не разглядаць. Дык вось на яго прапанову ніхто
ўвагі не зьвярнуў”.
Гэта быў назіральнік на сэсіі Парлямэцкай асамблеі NATO Мечыслаў Грыб.
Такім чынам, у праекце рэзалюцыі захавалася палажэньне пра тое, што
Парлямэнцкая асамблея NATO выказвае глыбокае шкадаваньне з нагоды таго,
што парлямэнцкія выбары ў Беларусі, якія прайшлі 15 і 29 кастрычніка, не
адпавядалі міжнародным патрабаваньням да свабодных, справядлівых, падсправаздачных
і празрыстых выбараў.
Больш таго, у заключнай частцы дакумэнта гаворыцца пра падтрымку намаганьняў
беларускай дэмакратычнай апазыцыі, скіраваных на байкот нелегітымных парлямэнцкіх
выбараў.
Парлямэнцкая асамблея NATO зьвяртаецца да ўрадаў і парлямэнтаў краінаў,
што ўваходзяць у NATO, з заклікам узмацніць ініцыятывы, якія паказалі б
беларускім уладам, што яны мусяць выконваць свае забавязаньні ў рамках
АБСЭ, асабліва ў галіне правоў чалавека. Урадам і парлямэнтам рэкамэндуецца
падтрымаць зварот парлямэнцкае «тройкі» да палітычнага кіраўніцтва Беларусі,
накіраваны на тое, каб урад Беларусі пачаў сапраўдны й значымы дыялёг з
апазыцыяй. Мэта такога дыялёгу — разьвязаць крызыс, што йснуе ў Беларусі.
Цікава, што на плянарным паседжаньні Парлямэнцкай асамблеі NATO гэты
праект быў прыняты без адзінай папраўкі і за яго галасавалі ўсе без выключэньня
краіны, што ўваходзяць у асамблею.
Уладзімер Глод, Менск
Самае папулярнае
1