Сёньня ў Гомлі на сустрэчы кіраўнікоў памежных ведамстваў Беларусі ды
Ўкраіны Аляксандра Паўлоўскага і Барыса Аляксеенкі падпісаны пратакол сумесных
дзеяньняў на пэрыяд закрыцьця Чарнобыльскай атамнай станцыі.
Асобны дакумэнт, зьвязаны зь дзеяньнямі памежнікаў на пэрыяд закрыцьця
Чарнобыльскай АЭС, прапанаваны быў украінскім бокам у дадатак да пытаньняў
арганізацыі пунктаў спрошчанага пропуску для насельніцтва памежных раёнаў
дзьвюх дзяржаваў. Дадатковы пратакол, як патлумачыў кіраўнік украінскага
памежнага ведамства генэрал-палкоўнік Барыс Аляксеенка, выкліканы імкненьнем
прэзыдэнта Леаніда Кучмы зачыніць атамную станцыю менавіта 15 сьнежня гэтага
году.
(Аляксеенка: )“ Нам энэргетыка патрэбная, але мы зачыняем станцыю ў
інтарэсах чалавецтва, Украіны, іншых дзяржаваў. Таму на пэрыяд стварэньня
саркафагу, усіх іншых магчымых мерапрыемстваў, пра якія я не гатовы казаць,
будзе ўзмоцненая ахова дзяржаўнае мяжы і сам аб’ект”.
Дадатковыя сілы, паводле словаў генэрала, ўжо разгорнутыя зараз. У сьнежні
на атамную станцыю будзе зьяжджацца дадатковы тэхнічны пэрсанал, замежныя
госьці, узрастуць транспартныя патокі. У тым ліку і праз беларуска-украінскую
мяжу.
Таму вырашана вылучыць усіх, хто будзе мець дачыненьне да закрыцьця
станцыі, у асобную групу, і забясьпечыць ёй спрошчаны парадак памежнага
кантролю.
Ствараецца супольны штаб памежнікаў, які будзе ўзаемадзейнічаць зь кіраўніцтвам
ЧАЭС. На сустрэчы абмеркавана таксама выкананьне пілётнага праекту памежнага
кантролю, і кіраваньне эміграцыйнымі плынямі на Гомельска-Чарнігаўскім
накірунку. Праект гэты падтрымліваецца міжнароднай арганізацыяй эміграцыі
на Беларусі ды Ўкраіне. Бакі пагадзіліся, што аналягічны праект быў бы
карысным і на Пінска-Луцкім накірунку сумеснай мяжы.
Барыс Аляксеенка абверг і чуткі адносна ўвядзеньня Ўкраінай візавага
рэжыму для беларускіх грамадзянаў.
На ягоную думку, звычайныя пашпарты будуць зьяўляцца дакумэнтам і тады, калі, магчыма, Ўкраіна стане сяброўкай Паўночна-Атлянтычнага альянсу. Казімір Яноўскі, Гомель
На ягоную думку, звычайныя пашпарты будуць зьяўляцца дакумэнтам і тады, калі, магчыма, Ўкраіна стане сяброўкай Паўночна-Атлянтычнага альянсу. Казімір Яноўскі, Гомель