Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У гэтак званай “Палаце прадстаўнікоў”, якую ўлады называюць заканадаўчым ворганам краіны, фактычна не выкарыстоўваецца дзяржаўная беларуская мова. Новы старшыня “палаты” лічыць такое становішча нармальным і заяўляе, што пытаньне мовы “ня вельмі сур’ёзнае”.

У выніку нелегітымнага “рэфэрэндуму”, праведзенага ў 1996 годзе, ня толькі быў разагнаны законны парлямэнт, але й дэ-факта зьнішчаны дзяржаўны статус беларускае мовы ў заканадаўчых ворганах. Вядзеньне сэсіі ў Вярхоўным Савеце зь першых гадоў незалежнае Беларусі заўсёды йшло на беларускай мове — гэтак рабілі і Станіслаў Шушкевіч, і Мечыслаў Грыб, і (пасьля некаторае замінкі) Сямён Шарэцкі. “Рэфэрэндум” 1996 году і ўтварэньне гэтак званага “Нацыянальнага сходу” стала рэзкім водападзелам. Зь першага дня існаваньня “Палаты прадстаўнікоў” і “Савета Рэспублікі” беларуская мова была выкінутая з ужытку ў гэтых установах.

На першай прэсавай канфэрэнцыі новага старшыні “Палаты прадстаўнікоў” Вадзіма Папова я запытаў яго, чаму дзяржаўнае мовы не чуваць на паседжаньнях “палаты”. Я нагадаў спадару Папову, былому першаму сакратару Магілеўскага абкаму, што нават у савецкі час, які ён, напэўна, вельмі паважае, сэсія ў беларускім парлямэнце вялася на беларускай мове… “Ці ня лічыце Вы сёньняшняе становішча парушэньнем дзяржаўнага статусу беларускае мовы?” — Вось што адказаў Папоў:

“У нас на дзяржаўным узроўні ўсталяванае двухмоўе. Кожны жыхар нашае дзяржавы можа сам вызначаць, на якой мове ён хоча тлумачыцца са сваімі калегамі — на расейскай ці беларускай. Тут няма ніякага парушэньня якіх-небудзь правоў, і ніхто з гэтае нагоды нікога не ўціскае. У гэтым я ня бачу ніякага ўшчамленьня правоў таго ці іншага грамадзяніна РБ”.

Калі ж журналісты спыталі Вадзіма Папова, ці валодае ён беларускай моваю, і заўважылі, што гэта вельмі сур’ёзнае пытаньне, рэакцыя старшыні “палаты” была наступная:

(Папоў: ) “Пытаньне не очань сур’ёзнае. Га-га”.

Так што Вадзім Папоў, прапрацаваўшы ў Беларусі каля 30 гадоў “па партыйнай лініі”, навучыўся разумець, як ён выказаўся, “этат язык”. Таксама ён лічыць пытаньне валоданьня беларускай мовай “ня очань серьёзным”…

З такім падыходам ня згодны старшыня ТБМ Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Новаабраны кіраўнік чарговай “палаты”, заявіўшы, што ён ня ведае беларускую мову і ня хоча, фактычна, на ёй размаўляць, парушыў адразу некалькі законаў. Па-першае, артыкул 4 сёньняшняга закону аб мовах, які гучыць так: “Кіраўнікі павінны валодаць беларускай і рускай мовамі ў аб’ёме, неабходным для выкананьня імі сваіх службовых абавязкаў”. Згодна гэтага артыкула дзяржаўныя чыноўнікі абавязаныя адказваць нам, калі мы да іх зьвяртаемся на беларуаскай мове. Больш за тое. Ёсьць яшчэ адзін нарматыўны дакумэнт. Гэта абавязкі дзяржаўных служачых. Там напісана, што дзяржаўны служачы абавязаны ведаць дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь”.

(Карэспандэнт: ) “А як вось з тым, што зараз на сэсіі “палаты прадстаўнікоў” справаводзтва, уся праца вядуцца не па-беларуску? Ці ёсьць тут парушэньне правоў дзяржаўнай мовы?”

(Трусаў: ) “Парушэньне ёсьць. Гэта ёсьць парушэньне артукула 50-га дзеючай канстытуцыі. Па-другое, калі дзьве мовы – дык дакумэнты, адпаведна, павінны быць дзьвюхмоўнымі. І па-трэцяе, ёсьць вынікі перапісу”.

Нагадаем, што, паводле перапісу, беларускую мову штодня ўжываюць 3.700.000 грамадзянаў Беларусі. Сярод іх, дарэчы, каля 40 тысячаў этнічных расейцаў. Калі ж спадар Папоў мае пэўныя складанасьці з вывучэньем беларускае мовы, дык у гэтай справе, як абяцае Алег Трусаў, ТБМ гатовая яму ўсяляк дапамагчы.

Віталь Цыганкоў, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG