Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня гандляры віцебскіх ды варшанскага рынкаў таксама далучыліся да агульнабеларускага папераджальнага страйку.

“23 лістапада рынак ня будзе працаваць па віне беларускага ўраду” – гэткая аб’ява на варшанскім рынку сёньня паведаміла пакупнікам пра аднадзённы прадпрымальніцкі страйк.

Як абвесьціў старшыня варшанскага Свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Алесь Сталяроў, выдаткі сёньняшняй прадпрымальніцкай дзейнасьці ўжо такія вялікія, што сплочваць гэткую суму штомесяц амаль нерэальна. Ды й вельмі крыўдна падтрымоўваць грашыма дзяржаву, якая ня дбае пра прадпрымальніцкі бізнэс.

Варшанскія прадпрымальнікі апынуліся ў найбольш бядотным становішчы, бо мусяць абслугоўваць людзей з проста жабрацкімі заробкамі. Да прыкладу штомесячны заробак на акцыянэрным таварыстве “Ворша” усяго 35 тысячаў беларускіх рублёў. А некаторыя прадпрыемствы ўвогуле месяцамі прастойваюць. “Мы жывем толькі за кошт мянтоўскіх жонак,” – кажуць варшанскія гандляры. Бо насамрэч бачаць сапраўдную пакупніцкую здольнасьць хіба што ў міліцыянтаў, мытнікаў ды супрацоўнікаў падаткавае інспэкцыі.

Але гандляры ў Воршы перакананыя, што пра іх праблемы мусяць ведаць усе патэнцыйныя пакупнікі. Таму загадзя вывесілі аб’яву пра аднадзённы страйк і сёньня а дзевятай гадзіне сабраліся на рынку, каб абмеркаваць свае далейшыя крокі.

Віцебскія прадпрымальнікі зрабілі інакш. Яны ўвогуле на рынак ня выйшлі, і разгубленыя пакупнікі, што сталі сапраўднымі закладнікамі сучаснай беларускай эканомікі, ня здолелі набыць сёньня ані харчовыя, ані прамысловыя тавары.

А беларускі папяраджальны страйк у Віцебску быў падтрымыны і на Смаленскім, і на Полацкім, і на Паўднёвым рынках.

Браніслава Станкевіч, Віцебск

XS
SM
MD
LG