Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Заўтра гандляры рэчавых кірмашоў мяркуюць правесьці аднадзённы агульнанацыянальны страйк пратэсту супраць эканамічнага ўціску ўлады.

Сёньня страйкавы камітэт прыватных прадпрымальнікаў пацьвердзіў прынятае тры тыдні таму рашэньне пра правядзеньне 23 лістапада агульнанацыянальнай акцыі пратэсту.

Гаворыць каардынатар акцыі Леанід Каліценя:

“Большасьць гарадоў падрыхтаваныя да страйку і, як зазначаюць актывісты, там падрыхтоўка йдзе нармалёва — праца кірмашоў, хутчэй за ўсё, будзе спыненая. Паводле апошніх зьвестак, акцыя пратэсту мае адбыцца ў Менску, Віцебску, Гомлі, Горадні, Баранавічах, Пінску, Салігорску, Слуцку, Рагачове, Лідзе, Слоніму, Дзяржынску й шэрагу іншых гарадоў.

Рэч у тым, што не на ўсіх кірмашох Беларусі створаныя прафсаюзныя суполкі. І хаця там, дзе іх няма, людзі ў сваім асяродзьдзі таксама не задаволеныя цяперашнім становішчам, аднак выказаць нездавальненьне нейкім супольным чынам ня могуць”, — паведаміў Леанід Каліценя.

Паводле ягоных словаў, арганізатары акцыі разьлічваюць на ўдзел у ёй да 50 тысячаў чалавек. Гандляры зьбяруцца на працоўных месцах, аднак без тавараў або з таварамі, якімі ня будуць гандляваць. Прадпрымальнікі будуць дамагацца ад уладаў выкананьня чатырох патрабаваньняў. Галоўнае зь іх — скасаваньне новых мытных правілаў, паводле якіх прадпрымальнікі мусяць зь 1 кастрычніка плаціць дзяржаве мыты й падатак на даданую вартасьць на тавары трэціх краінаў, што ўвозяцца ў Беларусь з тэрыторыі Расеі.

Абсурднасьць гэтага новаўвядзеньня, паводле інфармацыі страйкаму, разумеюць ня толькі прадпрымальнікі, а й прадстаўнікі ўладаў. 14 лістапада прэм’ер-міністар Уладзімер Ярмошын гэтае пытаньне ўздымаў на паседжаньні ўраду саюзу Беларусі й Расеі. Аднак расейскі бок ня выказаў зацікаўленьня ў зьмене мытнае палітыкі. У аднабаковым жа парадку зьліквідаваць мытнае новаўвядзеньне беларускія ўлады пакуль не наважыліся.

Паводле зьвестак страйкаму, дзяржаўныя ведамствы працягваюць спрачацца адносна таго, ці варта задавальняць патрабаваньні прадпрымальнікаў. Некаторыя чыноўнікі спадзяюцца, што заплянаваная на заўтра акцыя не адбудзецца, бо, маўляў, пакуль ня ўжытыя санкцыі за парушэньні мытнага заканадаўства.

Аднак сябры страйкаму лічаць, што санкцыі супраць гандляроў могуць быць ажыцьцёўленыя ў любы дзень. У шмат якіх гарадох на рэчавых кірмашох быў праведзены вопіс маёмасьці гандляроў. Асабліва кантралёры актывізаваліся пасьля абвяшчэньня страйку. У гэтай сувязі каардынатар акцыі Леанід Каліценя не выключае, што ўлады заўтра паспрабуюць сарваць акцыю пратэсту. А менавіта — накіраваць на рынкі міліцыянтаў, каб тыя запалохалі ўдзельнікаў страйку.

Міхал Стэльмак, Менск

XS
SM
MD
LG