Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 21 лістапада)
Міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў адмовіўся камэнтаваць ліст ананіма з КГБ, які сьцьвярджае, што Зьмітра Завадзкага й Віктара Ганчара зьнішчылі супрацоўнікі беларускіх спэцслужбаў. Падобную пазыцыю занялі й прадстаўнікі іншых сілавых ведамстваў Беларусі.

Міністар унутраных справаў Беларусі Ўладзімер Навумаў не пажадаў адказваць на пытаньні, зьвязаныя зь лістом ананімнага супрацоўніка КГБ. У гэтым лісьце, атрыманым учора некаторымі беларускімі СМІ па электроннай пошце, міністар Навумаў згадваецца як асоба, якой даручана кіраваць расьсьледваньнем справы Зьмітра Завадзкага ды іншых зьніклых. Аднак ананім з КГБ ўпэўнены, што на самрэч справы перадалі ў ведамства Навумава дзеля таго, каб іх канчаткова разваліць. Сёньня журналісты паспрабавалі ўзяць камэнтар на гэтае абвінавачваньне ў самога Навумава, але міністар на гэтую тэму размаўляць адмовіўся.

Тактыку ігнараваньня абралі й прадстаўнікі іншых сілавых ведамстваў, згаданых у лісьце. У службе аховы прэзыдэнта, супрацоўнікі якой былі абвінавачаны ў непасрэдным удзеле ў апэрацыях выкраданьня Завадзкага й Ганчара, таксама камэнтаваць ліст адмаўляюцца. Без адказу ад супрацоўніка прэсавага аддзелу гэтае службы засталося й пытаньне, ці быў хто з афіцэраў службы аховы прэзыдэнта ў нядаўнім часе арыштаваны.

Прадстаўнік прэсавага цэнтру Рады Бясьпекі аказаўся больш адкрытым. Ён пагадзіўся адказаць на мае пытаньні, але папрасіў не называць ягонага прозьвішча:

“Гэта цалкам ўсё выдумана з мэтаю скампрамэтаваць кіраўніка дзяржавы й дзяржаўныя структуры”,

— заявіў прадстаўнік Рады Бясьпекі й падзяліўся сваімі заўвагамі наконт памылак ананімнага чэкіста. Маўляў, той кажа пра дзевяць арыштаваных у справе Завадзкага, але калі пералічае, дык іх атрымліваецца ўжо дзесяць. А галоўная памылка — пра назву беларускае пракуратуры (якая названая замест “Рэспубліканскай” “Генэральнаю”) — сьведчыць, на думку майго суразмоўцы, пра верагоднае месца знаходжаньня аўтара ліста.

Ён не выключае, што ведамствы, якія згаданыя ў лісьце (гэта пракуратура і КГБ), паспрабуюць адшукаць аўтара ліста.

Аднак у КГБ да такое спробы паставіліся скэптычна. Там заўважаюць, што ліст прыйшоў па электроннай пошце, зь бясплатнай паштовай скрыні, адразу на некалькі адрасоў, сярод якіх у ліку першых прэсавыя агэнцыі БелаПАН ды “Интерфакс”, адкуль вельмі хутка патрапіў у газэты. Такі мэтад распаўсюджваньня інфармацыі спэцыялісты з КГБ назвалі эфэктыўным і дастаткова новым для Беларусі, дзе “раней ананімы карысталіся сапраўднай поштаю”.

Зьвяртаецца ўвага й на пэўнае несупадзеньне колькасьці арыштаваных у справе Завадзкага ды таго, што пра гэта ведалі ў грамадзтве: “У нашай маленькай краіне дастаткова двух-трох арыштаваных у адной справе, каб пра гэта ўсе ведалі. А тут дзесяць — і нікому невядома. Яўная памылка аўтара ліста. Ён яўна паводле мэнталітэту прадстаўнік вялікае краіны, які ня вельмі добра разьбіраецца ў беларускіх рэаліях”, — падзяліўся сваімі здагадкамі адзін супрацоўнік КГБ. Далей ён запэўніў, што яму нічога невядома пра двух сьледчых КГБ, якія нібыта былі зьбіты.

Між тым, адметна, што й гэты супрацоўнік спэцслужбаў раней адкрыта даваў камэнтары нашаму радыё, а цяпер вырашыў не называць сваё прозьвішча.

Алег Грузьділовіч, Менск

XS
SM
MD
LG