Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


У Менску ўлады й прафсаюзы шукалі сёньня ўзаемапаразуменьня на паседжаньні Пагаджальнае камісіі. Перамовы бакоў завершыліся безвынікова.

Пагаджальная камісія меркавала cкасаваць вострыя супярэчнасьці паміж уладамі й прафсаюзамі. Гэтыя супярэчнасьці справакавалі канфлікт, які атрымаў гучны розгалас у беларускім грамадзтве. Болей таго, згаданы канфлікт выйшаў за межы краіны і разглядаецца зараз Міжнароднай арганізацыяй працы.

Гаворыць прэзыдэнт Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Віктар Бабаед:

(Бабаед: ) “Я думаю, ёсьць нейкае імкненьне ўраду аднавіць тое, што было згублена ў адносінах з прафсаюзамі. І пазыцыя ўраду тут вядомая, таму што сканчаецца генэральнае тарыфнае пагадненьне і трэба падпісваць новае. У тым стане, калі стасункі паміж урадам і прафсаюзамі нацягнутыя, гэта можа прывесьці да нейкіх спробаў дэманстрацыі сілы з боку прафсаюзаў, а для ўладаў гэта вельмі непажадана. Таму яны вядуць такую вельмі дыпляматычную гульню Мэта, напэўна, адна – як кінуць прафсаюзы”,

— зазначыў Віктар Бабаед.

Улады, паводле меркаваньня лідэраў прафсаюзаў, спрабуюць вярнуць сабе імідж абаронцаў правоў працоўных. На сёньняшнім паседжаньні Пагаджальнае камісіі прадстаўнікі ўраду прапанавалі прафсаюзам абмежавацца разглядам сацыяльна-эканамічных пытаньняў. Між тым, такое абмежаваньне не ахоплівае ўсіх рознагалосьсяў паміж бакамі. У прыватнасьці, дагэтуль ня мелі плёну пратэсты афіцыйных прафсаюзаў, зьвязаныя зь неабгрунтаваным, на іхную думку, “арыштам” уладамі банкаўскага рахунку кіраўніцтва справаў Фэдэрацыі.

Гаворыць намесьнік старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Франц Вітко:

(Вітко: ) “Ёсьць недакладнасьці ў праверцы. Напрыклад, нам удался атрымаць паперу ад міністэрства транспарту і камунікацыяў, што аўтатранспарт, якім карыстаюцца галіновыя прафсаюзы фэдэрацыі, зьяўляецца тэхналягічным і на выкарыстаньне гэтага транспарту ня трэба ліцэнзіі. Гэта была адна з такіх важкіх акалічнасьцяў, з-за якой і быў зачынены рахунак кіраўніцтва справамі,”

— лічыць Франц Вітко.

Прафсаюзы на сёньняшнім паседжаньні запатрабавалі ад уладаў неадкладнага падвышэньня заробкаў, найперш мэдыкам і настаўнікам. Прычым, ня ў тых памерах, пра якія надоечы абвесьціў Аляксандар Лукашэнка, а да ўзроўню, што адпавядае сёньняшнім коштам на прадукты харчаваньня й выдаткам на камунальныя паслугі.

Аднак такі падыход выклікаў нэгатыўную рэакцыю прадстаўнікоў ураду. Гаворыць яшчэ адзін удзельнік сёньняшняга паседжаньня лідэр прафсаюзу радыёэлектронікі Генадзь Фядыніч:

(Фядыніч: ) “Урад не прыняў прапановы прафсаюзаў аб індэксацыі даходаў на ўзроўні пражытачнага мінімуму. Патрэбная такая палітычная згода, што да гэтага трэба ісьці, калі мы хочам падняць заробак у людзей. Такой дамоўленасьці мы сёньня не дасягнулі,”

— паведаміў Генадзь Фядыніч.

Міхал Стэльмак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG