Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Дагэтуль застаецца няпэўнай сытуацыя з новым прэзыдэнтам ЗША? Вярхоўны суд штату Флярыда распачаў разгляд пытаньня наконт законнасьці ручнога падліку галасоў, які доўжыцца ў трох акругах гэтага штату.

У часе першага паседжаньня, якое доўжылася дзьве з паловай гадзіны, у судзе выступілі юрысты ад абодвух кандыдатаў – Альбэрта Гора і Джорджа Буша. Абодва бакі аргумэнтавалі свой пункт погляду адносна паўторнага ручнога пераліку галасоў у акругах Броўард, Палм-Біч і Маямі-Дэйд.

Каманда Гора настойвае на тым, што такі пералік – законны. Гэтыя тры акругі традыцыйна галасуюць за дэмакратаў, і Гор спадзяецца дагнаць Буша, які пакуль мае перавагу ў 930 галасоў.

Рэспубліканцы ж катэгарычна супраць правядзеньня любых новых пералікаў, якія, на іх думку, даўно павінны былі завершыцца. Яшчэ на мінулым тыдні сакратар штату Кэтрын Гарыс абвесьціла, што ручны пералік павінен скончыцца 14 лістапада, і вынікі, атрыманыя пасьля гэтай даты, ня будуць улічвацца. Аднак, паводле ініцыятывы дэмакратаў, і пасьля гэтага пералік працягваецца ў трох асноўных для іх акругах. У Броўардзе і Маямі-Біч яго павінны завершыць найпазьней у чацьвер, а пералік у Маямі-Дэйд пачаўся толькі ўчора і зойме найменей 10 дзён.

Калі суд пагодзіцца з аргумэнтамі рэспубліканцаў і пацьвердзіць рашэньне Кэтрын Гарыс, то новыя дадзеныя з трох акругаў ня будуць улічаныя – такім чынам захаваюцца ранейшыя вынікі, і Буш будзе абвешчаны 43-м прэзыдэнтам ЗША. Але ніхто не бярэцца прагназаваць рашэньня суду.

Некаторыя аналітыкі зазначаюць, што зацягнутае падвядзеньне вынікаў забірае час у будучага прэзыдэнта – хто б ён ня быў – і ўскладняе яму будучы пераход ад статуса кандыдата да лідара, гатовага аб’яднаць краіну пасьля выбарчай кампаніі.

Будучы прэзыдэнт павінен прызначыць новых міністраў, дырэктараў і кіраўнікоў 14-ці дэпартамантаў, дзясяткі чыноўнікаў выканаўчай улады, вялікі пэрсанал Белага Дому. Ён мусіць прадставіць Кангрэсу бюджэт на наступны фінансавы год. І ўсё гэта – не пазьней за 20 студзеня: праз два з паловай месяцы пасьля выбараў. А Бушу давядзецца запоўніць да трох тысячаў пасадаў, зь іх каля 600 – ад амбасадараў да міністраў – мусяць быць ухваленыя Сэнатам.

Прафэсар палітычных навук ва ўнівэрсытэце Джорджа Вашынгтона Форэст Мальцман кажа, што кожны раз, калі ўладу пераймае новы прэзыдэнт, яго абвінавачваюць у занадта марудным фармаваньні новай адміністрацыі. І затрымка з падлікам галасоў у Флярыдзе спыніла далейшы працэс.

(Мальцман: ) “У найлепшым выпадку, гэта звычайная гісторыя, калі прыкладна ў сакавіку альбо красавіку гучыць: “Чаму гэты Белы Дом раскачваецца так марудна? Паглядзіце, колькі яшчэ вакансіяў! Ён ня вельмі добра працуе!” Гэтая гісторыя адбываецца кожны раз з прыходам новай адміністрацыі. А сёлета будзе яшчэ горш.”

Міжтым панядзелак прынес больш добрых навінаў для рэспубліканцаў. Пракурор Флярыды Боб Баттэруорд заклікаў усе 67 акругаў штату прызнаць сапраўднымі бюлетэні, якія прыбылі з-за мяжы, нягледзячы на тое, ці ёсьць на іх паштовая пячатка з датай 7 лістапада – дня выбараў – але калі ёсьць подпіс выбаршчыка і дата, пастаўленая ягонай рукой. Бо з-за гэтага не былі ўлічаныя больш як паўтары тысячы бюлетэняў з-за мяжы, а гэтыя выбаршчыкі пераважна выказваліся за Буша.

Алена Радкевіч, Прага

XS
SM
MD
LG