Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


На пляц Незалежнасьці выйшлі пацярпелыя ўкладчыкі, што даверылі грошы банку “БелБалтыя”. Прастаяўшы крыху менш за гадзіну, пікетоўцы разыйшліся. Нягледзячы на тое, што пікет быў несанкцыяваны, міліцыя ў акцыю ня ўмешвалася.

Увесь мінулы тыдень менскі офіс банку “БелБалтыя” асаджалі пікетоўцы, якія дзеля абяцаных высокіх дывідэндаў даверылі банку свае грошы. Цягам апошніх двух месяцаў банк ня ў стане выплочваць ня толькі адсоткі, але і ўнесеныя сумы. Адметна, што сярод кліентаў “БелБалтыі” шмат заможных асобаў, і замарожаныя сумы дастаткова значныя.

Але дзе шукаць грошы, якія зьніклі — ня ведае практычна ніхто. Перш за ўсё гэта тычыцца вызначэньня “БелБалтыі” як суб’екта гаспадараньня. Як аказалася, супольнае беларуска-латвійскае прадпрыемства зьмяніла свой статус.

Вось што з гэтае нагоды кажа эканамічны дарадца амбасады Латвіі ў Беларусі Яніс Ліўчанс:

“Латвійская “Балтыя” абанкруцілася 5 або 6 год таму, і на нашым рынку яе больш няма. Тое, што ў беларускага банку “БелБалтыя” зараз нейкія праблемы, не залежыць ад латвійскае “Балтыі” ніяк. Я ў некаторых газэтах бачыў абвінавачаньні ў бок латвійскага капіталу — маўляў, супольнае прадпрыемства, акцыі ў латышоў і г.д. Але гэта было раней. Ужо працяглы час, як “Балтыя” абанкруцілася ў Латвіі, і гэтыя суб’екты ня маюць ніякае сувязі”, — лічыць эканамічны дарадца латвійскай амбасады ў Беларусі спадар Ліўчанс.

А вось ва ўправе інфармацыі Нацыянальнага банку дагэтуль упэўненыя, што “БелБалтыя” — гэта супольны беларуска-латвійскі банк, які з-за шэрагу абставінаў пакуль ня мае магчымасьці своечасова выплочваць унёскі.

Аднак, як стала вядома з банкаўскіх колаў, цяперашняя сытуацыя вакол “БелБалтыі” — напаўкрымінальная. Нягледзячы на тое, што апошні год банк быў пазбаўлены ліцэнзіі на шэраг асноўных апэрацыяў з валютаю, вялася шырокая рэклямная кампанія на прыцягненьне кліентаў. Сярод цяперашніх банкаўскіх акцыянэраў 30% складаюць фізычныя асобы, астатняя частка прыходзіцца на афшорныя кампаніі, зарэгістраваныя за мяжою. А гэта значыць, пошук гаспадароў вельмі праблематычны. Няма ніякіх зьвестак і пра тое, дзе зараз знаходзіцца кіраўніцтва банка.

Самі ўкладчыкі, бальшыня зь якіх дамагаецца вяртаньня грошай не празь пікеты, а праз напрацаваныя сувязі, маюць свае вэрсіі таго, што адбылося. Адзін з тых, каго я сустрэў у офісе “БелБалтыі” на Прывакзальным пляцы, сказаў, што правёў уласнае расьсьледваньне й даведаўся, што большасьць банкаўскіх актываў у свой час была пераведзеная за мяжу. Але спадзяваньні на хуткую аддачу не спраўдзіліся. Перавод сродкаў назад немагчымы. Таму ў выніку кліенты аказаліся ня толькі без дывідэндаў, але й без сродкаў наогул.

Сёньня стала вядома, што Нацыянальны банк Беларусі пачаў рыхтаваць дакумэнты на ўзбуджэньне справы ў банкруцтве банку “БелБалтыя”.

Ігар Карней, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG