Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня – трэція суткі, як сын магілеўскага праваабаронцы Сяргея Абадоўскага Дзьмітры, які знаходзіцца ў сьледчым ізалятары, абвесьціў сухую галадоўку. Сёньня ж стала вядома, што Артур Новікаў, які праходзіць з Абадоўскім па адной справе, учора таксама абвесьціў галадоўку.

Абодва зьняволеныя настойваюць на тым, што ад 18 лістапада іхнае знаходжаньне пад вартай – незаконнае.

Дзьмітры Абадоўскі распачаў сухую галадоўку пратэсту, паводле ягонай заявы, супраць самавольства і беззаконьня, зарганізаваных праваахоўчымі ворганамі і адміністрацыяй сьледчага ізалятару. 28-гадовы Абадоўскі-малодшы знаходзіцца за кратамі ад леташняга ліпеня. Ён абвінавачваецца ў цяжкім злачынстве: згвалтаваньні.

Ягоныя адвакаты, сярод якіх бацька Дзьмітрыя – Сяргей Абадоўскі – лічаць гэтую крымінальную справу сфальсыфікаванай з мэтай уціску на сям’ю Абадоўскіх, а доказы па ёй – атрыманымі незаконным шляхам.

14 верасьня справа была накіраваная раённым судом на дадатковае расьследваньне, але мера стрыманьня для Дзьмітрыя без матывацыі была пакінутая ранейшай: утрыманьне пад вартай. Ганс-Гэорг Вік, кіраўнік місіі АБСЭ, хадайнічаў за вызваленьне Дзьмітрыя з-пад варты пад падпіску аб нявыезьдзе, але адказу ад пракуратуры пакуль няма.

17 лістапада скончыўся тэрмін, які быў устаноўлены пракуратурай на ўтрыманьне пад вартай Абадоўскага. Але з турмы яго не выпускаюць, хаця, паводле Сяргея Абадоўскага, новыя паперы з Генэральнай пракуратуры на працяг зьняволеньня не паступілі.

Дзьмітры сказаў бацьку, што ён абірае менавіта сухую галадоўку, таму што вырашыў альбо выйсьці з турмы, альбо памерці там. Стан здароўя зьняволенага сёньня не дае нагоды для аптымізму: усе хваробы абвастрыліся, часам зьнікае зрок, ёсьць нэрвовыя цікі на твары. Але разам з пачаткам сухой галадоўкі Дзьмітры трапіў у карцар. Як пацьвердзілі ў сьледчым ізалятары – за парушэньне рэжыму.

Абадоўскі лічыць, што гэта – помста за ягоныя акцыі пратэсту. У вабласной Управе выкананьня пакараньняў паведамілі, што заява ў сувязі з пачаткам галадоўкі яшчэ не паступіла, а вось паперы з Генэральнай пракуратуры на працяг тэрміну ўтрыманьня пад вартай акурат прыйшлі.

Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

XS
SM
MD
LG