Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Менскі гарадзкі савет абіраў сёньня сябраў гэтак званага “Савету Рэспублікі” ад сталіцы. Выбары былі безальтэрнатыўнымі й фармальнымі, сярод кандыдатаў былі эканамістка Тацяна Быкава, рэктарка Інстытуту культуры Ядзьвіга Грыгаровіч, артыст Расьціслаў Янкоўскі, кіраўнік беларускага балету Валянцін Елізар’еў ды іншыя.

На 56 месцаў у “Савеце Рэспублікі” ад рэгіёнаў вылучана 56 кандыдатаў. Гэта значыць, што ніякай альтэрнатыўнасьці няма й ня будзе. Як патлучамыў супрацоўнік ЦВК Мікола Паўлічкаў, вылучэньне кандыдатаў на саміх сходах Саветаў базавага ўзроўню, што пройдуць у абласьцях, нерэальнае, бо трэба правесьці ўсю працэдуру рэгістрацыі. Вылучэньне кандыдатур у “Савет Рэспублікі” ажыцьцяўлялася выключна прэзыдыумамі Саветаў і мясцовымі выканкамамі. Вылучэньні ад партыяў і працоўных калектываў не прадугледжаныя Выбарчым кодэксам. У выніку сярод кандыдатаў (а значыць, сярод будучых парлямэнтарыяў) вылучаныя ўсе кіраўнікі абласных выканкамаў і абласных саветаў, іншыя “вэртыкальшчыкі”, кіраўнікі буйных прадпрыемстваў, калгасаў, некалькі настаўнікаў, лекараў ды доктараў.

Найбольш цікавыя кандыдатуры ў Менску — старшыня Саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў Тацяна Быкава, рэктарка Ўнівэрсытэту культуры Ядвіга Грыгаровіч, кіраўнік беларускага балету Валянцін Елізар’еў, актор Расьціслаў Янкоўскі. Не балятаваўся кіраўнік Менскага гарадзкога выканакаму, бо ён жыве ў сталіцы менш за 5 год.

Сама працэдура выбараў была вельмі фармальнай. Кандыдаты выступілі па пяць хвілінаў з праграмнымі прамовамі, у якіх выказаліся наконт праблемаў у сваіх галінах. Пытаньняў ад дэпутатаў гарадзкога Савету амаль не было. Задалі хіба што два істотныя пытаньні Тацяне Быкавай, якая гаварыла пра неабходнасьць фармаваньня ў грамадзтве сярэдняе клясы. Тацяна Быкава мяркуе, што дзеля гэтага трэба выкарыстоўваць усе магчымасьці, у тым ліку й “Нацыянальны сход”.

Гаворыць Тацяна Быкава:

(Быкава: ) “Калі мы ня будзем нічога рабіць, дык нічога й ня будзе. Гэта нашая краіна, і мы павінны яе будаваць сваімі рукамі… Я ў той ступені магу ўдзельнічаць у працы Нацыянальнага сходу, як мае перакананьні будуць супадаць з тымі патрабаваньнямі, якія стаяць перад парлямэнтам”, — адзначыла новая сябра “Савета Рэспублікі” Тацяна Быкава.

Выбары сяброў “Савету Рэспублікі” ў абласьцях будуць праходзіць да 9 сьнежня на сходах дэпутатаў. У Гарадзенскай вобласьці сяброў “Савету Рэспублікі” будуць абіраць 23 лістапада. Вядомы палітык з Горадні Сямён Домаш лічыць падобнае фармаваньне парлямэнту нелегітымным:

(Домаш: ) “І адна палата, і другая ня могуць быць такімі сур’ёзнымі ворганамі як парлямэнт, таму што сам працэс вылучэньня гэтых так званых дэпутатаў, ён недэмакратычны і не адпавядае патрабаваньням цяперашніх міжнародных структураў, паводле якіх фармуюцца легітымныя, па-сапраўднаму паўнамоцныя заканадаўчыя ворганы. Маё меркаваньне такое, што ўся гэтая спроба робіцца для таго, каб стварыць бутафорскія ворганы, падпарадкаваныя кіраўніку дзяржавы, якія будуць выконваць яго загады, яго волю і праводзіць тую палітыку, якую ён ім будзе навязваць”.

— адзначыў апазыцыйны палітык Сямён Домаш.

Аляксандар Лукашэнка, які на сустрэчы з новаабранымі дэпутатамі “Палаты прадстаўнікоў” назваў сябе “кардынатарам работы ўсіх галінаў улады”, сваім указам прызначыць яшчэ 8 сяброў “Савету Рэспублікі”. Як патлумачылі ў ЦВК, абраньнікі Лукашэнкі праз выбарчыя камісіі не праходзяць.

Валер Каліноўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG