Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Зьніклых беларускіх палітыкаў цяпер будзе шукаць адзіная апэратыўна-сьледчая група пад кіраўніцтвам міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава. Між тым многія ў Беларусі мяркуюць, што гэтая група створаная Аляксандрам Лукашэнкам толькі ў прапагандысцкіх мэтах.

Пасьля сустрэчы з міністрам унутраных справаў Уладзімерам Навумавым, а таксама азнаёміўшыся з матэрыяламі пракуратуры й КГБ пра расьсьледваньне гучных крымінальных справаў, Аляксандар Лукашэнка загадаў стварыць адзіную апэратыўна-сьледчую групу на чале зь міліцэйскім міністрам. У гэтую групу павінны ўвайсьці таксама прадстаўнікі пракуратуры й КГБ.

Паводле першых афіцыйных паведамленьняў, новае фармаваньне зоймецца расьсьледваньнем гэтак званых “гучных” злачынстваў, якія атрымалі грамадзкі розгалас. “Безумоўна, у гэты шэраг уваходзяць і справы зьніклых палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, бізнэсмэна Анатоля Красоўскага і апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, якія дагэтуль ня знойдзеныя”, — пацьвердзілі мне ў прэсавай службе МУС. Там, аднак, ня здолелі патлумачыць, хто пэрсанальна ўвойдзе ў апэратыўную групу і якімі будуць яе першыя крокі.

Мала што ведалі пра выкананьне загада Лукашэнкі і ў КГБ. Аднак Фёдар Котаў, кіраўнік аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю, станоўча ацэньвае стварэньне адзінае групы:

(Котаў: ) “З таго, што да некаторых крымінальных справаў ёсьць асаблівы інтарэс, ёсьць спэкуляцыі на самім працэсе расьсьледваньня, у прыватнасьці, у справах зьніклых. Такой правакацыяй, на мой погляд, стаў фільм Паўла Шарамета “Дзікае паляваньне”. Хто як можа выціскае з чужога гора для сябе выгоду. Зразумела, што кіраўнік дзяржавы гэтым занепакоены й загадаў яшчэ раз паглядзець, ці ўсё зроблена”, — сказаў нашаму радыё Фёдар Котаў.

Між тым, у сваякоў зьніклых навіна пра стварэньне такой групы ня выклікала асаблівага натхненьня. Жонка Віктара Ганчара назвала распараджэньне Лукашэнкі “палітычным трукам” і наўпрост зьвязала яго са зьяўленьнем фільма Паўла Шарамета. Паводле Зінаіды Ганчар, беларускім уладам проста няма чым адказаць на абвінавачваньні Шарамета. “Дзіўна, што ўвагу на гэта Лукашэнка зрабіў толькі зараз, пасьля выхаду фільма… А што ён рабіў на працягу паўтарох гадоў? Юры Захаранка зьнік паўтары гады таму, год і тры месяцы як зьнік Віктар, чатыры месяцы таму зьнік Завадзкі, і толькі цяпер раптам дадумаліся да аб’яднаньня сьледчых у адную групу. Я думаю, гэта толькі дзеля таго, каб апраўдацца”, — мяркуе Зінаіда Ганчар.

На прапагандысцкі характар рашэньня Лукашэнкі зьвяртае ўвагу й вядомы адвакат Гары Паганяйла:

“Гэта чыста прапагандыцкая акцыя — ствараецца бачнасьць дзейнасьці пры адсутнасьці дзеяньняў. Улады не зацікаўленыя ў тым, каб грамадзкасьці сталі вядомыя лёсы Захаранкі, Ганчара, Красоўскага й Завадзкага. Зьнікненьні пачаліся ў час, калі прэзыдэнцкай службаю аховы кіраваў цяперашні шэф МУС Уладзімер Навумаў, і вось сёньня Лукашэнка даручыў кіраваць агульнай групаю Навумаву, каб той усебакова правёў расьсьледваньне?.. Ня будзе гэтага”, — казаў адвакат Гары Паганяйла.

Ён згадаў, што летась у жніўні Лукашэнка ўжо ствараў падобную камісію на чале з шэфам КГБ Ўладзімерам Мацкевічам. “І што, дзе вынікі дзейнасьці тае камісіі, і дзе яна сама?”, — пытаецца адвакат Паганяйла.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG