Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня


(эфір 18 лістапада)
Кожны з абраных дэпутатаў гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў” другога скліканьня атрымаў з адміністрацыі прэзыдэнта адмысловую анкету. Пра што хоча даведацца Аляксандар Лукашэнка ад новых дэпутатаў?

У анкеце 11 пытаньняў. Сярод простых (як, скажам, “Пералік канкрэтных і найбольш характэрных праблемаў Вашай акругі?”) ёсьць і пытаньні з выразным падтэкстам. Напрыклад, адно з пытаньняў гучыць так: “Вашыя ўзаемаадносіны зь мясцовымі ворганамі ўлады ў працэсе выбарчае кампаніі?”. Зразумела, што аналіз адказаў, які будзе зроблены ў адміністрацыі Лукашэнкі, ператвараецца ў своеасаблівы тэст мясцовае “вэртыкалі”.

Прадстаўнікоў рэгіёнаў падзеляць на розныя групы ў залежнасьці ад іх ляяльнасьці да вышэйшае ўлады. Такім чынам, стане бачна, дзе падтрымка Лукашэнкі з боку мясцовае “вэртыкалі” сапраўдная, а дзе кіраўнікі выканаўчых ворганаў ня вельмі парупіліся працаваць на ягоную карысьць…

Улады перад прэзыдэнцкімі выбарамі, як бачна з анкеты, турбуюць і пэрсаналіі. Пытаньне №3 гучыць так: “Стаўленьне жыхароў да дзейнае ўлады і ацэнка грамадзка-палітычных дзеячоў, што займаюць ключавыя пасады ў Рэспубліцы Беларусь; стаўленьне да апазыцыйных сілаў ды іхных лідэраў?”. Што гэта, як не своеасаблівы рэйтынг патэнцыйных удзельнікаў будучых выбараў прэзыдэнта Беларусі?

Па-рознаму могуць быць выкарыстаныя і адказы на такое пытаньне: “Ацэнка выбаршчыкамі ступені адказнасьці розных галінаў і ўзроўняў улады, а таксама асобных грамадзка-палітычных дзяячоў за нявырашаныя праблемы?”. І тут аналіз адказаў дае Лукашэнку вялікае поле дзейнасьці. Мясцовага “вэртыкальшчыка”, які дрэнна праявіў сябе пад час выбараў, Лукашэнка можа зволіць, абгрунтаваўшы гэта воляю народа, пра якую ён даведаўся ад народных абраньнікаў.

Сяброў “палаты” просяць паведаміць і пра тое, як людзі ставяцца да магчымага паляпшэньня адносінаў з Захадам, далейшага ўзмацненьня інтэграцыйных працэсаў з Расеяй, стабілізацыі палітычнае сытуацыі ў краіне і шмат чаго іншага. Адметна, што пералік канкрэтных і найбольш характэрных праблемаў сваіх акругаў у дэпутацкім апытаньні займае апошняе, адзінаццатае месца.

Уладзімер Глод, Менск

XS
SM
MD
LG