Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Зьмена выбарчага законадаўства перад абраньнем прэзыдэнта Беларусі стала галоўнай тэмай сёньняшняга паседжаньня Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў.

Паводле Міхала Пліскі, кіраўніка экспэртнае групы ў справе заканадаўства, што створаная пры Кансультацыйнай радзе, урокі выбараў у гэтак званую “Палату прадстаўнікоў” паказваюць асноўныя кірункі далейшае зьмены Выбарчага кодэксу. У прыватнасьці, спадар Пліска адзначае:

(Пліска: ) “У Выбарчым кодэксе вельмі дрэнна прапісаная сыстэма судовага аспрэчваньня вынікаў выбараў, у дадзеным выпадку, абраньня дэпутатаў “Палаты прадстаўнікоў”, але таксама гэта датычыцца і абраньня будучага прэзыдэнта. І таму мы абавязкова павінны дамагчыся ўнясеньня адпаведных зьменаў у новае выбарчае заканадаўства, у Выбарчы кодэкс”.

Гэта быў кіраўнік групы экспэртаў Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў Міхал Пліска.

Пад час дыскусіі адзначалася і такая праблема, як рэгістрацыя назіральнікаў. Цяпер, каб афіцыйна праводзіць назіраньне, трэба рэгістравацца ў адпаведнай выбарчай камісіі. І ўлады скарыстоўвалі гэтую працэдуру на сваю карысьць, калі пад надуманымі прычынамі адмаўлялі назіральнікам у рэгістрацыі. Таму ў Выбарчым кодэксе патрэбен заяўляльны прынцып рэгістрацыі назіральнікаў, як гэта, напрыклад, робіцца цяпер у Расеі.

Дарэчы, удзельнікі паседжаньня зьвярнулі ўвагу на лёс назіральнікаў, якія працавалі на выбарах у гэтак званую “Палату прадстаўнікоў”. Некаторыя зь іх пад ціскам уладаў вымушаныя былі пакінуць свае працоўныя месцы і апынуліся ў цяжкім стане. Магчыма, патрэбна стварыць для іх адмысловы фонд дапамогі.

І яшчэ адно выключна важнае пытаньне ўзьняў спадар Пліска:

(Пліска: ) “Акрамя таго, мы будзем настойваць (гэта нашае старое патрабаваньне), каб быў зьменены парадак фармаваньня выбарчых камісіяў. Пры тым парадку, які зараз існуе, няма гарантыяў, ніякіх гарантыяў (я яшчэ раз падкрэсьліваю гэта), што ў склад камісіяў будуць уключаныя прадстаўнікі апазыцыі. Яны толькі маюць права вылучацца, а гарантыяў, што яны будуць уключаныя, ніякай няма”.

Гэта быў кіраўнік групы экспэртаў Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў Міхал Пліска.

Кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік, які прысутнічаў на паседжаньні, нагадаў прысутным пра тое, што ўдасканаленьне выбарчага заканадаўства застаецца, як і раней, адной з чатырох галоўных умоваў прызнаньня выбараў у Беларусі празрыстымі й дэмакратычнымі. І таму экспэрты могуць разьлічваць на дапамогу сваіх калегаў зь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ і Венэцыянскае камісіі Рады Эўропы.

Уладзімер Глод, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG