Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Сёньня ў мястэчку Журавічы Рагачоўскага раёну, на радзіме выбітнага беларускага драматурга Андрэя Макаёнка, адкрыты помнік пісьменьніку.

Бюст работы гомельскага скульптара Дзьмітрыя Папова ўсталяваны на рагу местачковай плошчы – паміж школай, якая носіць імя Макаёнка, і сельскім клюбам. Раней, акурат за бронзавым бюстам драматурга, стаяла старая дзесяцігодка, у якой ён выучыўся. Да плошчы прымыкае й вуліца Макаёнка. Напрыканцы яе, у доме нумар 23 жыла сям’я Макаёнкаў пасьля пераезду зь вёскі Борхаў.

Шматлікія мяйсцовыя жыхары й госьці, сярод якіх – сын пісьменьніка Сяргей, артысты Генадзь Аўсяньнікаў, Лілія Давідовіч, рэжысэр Валер Раеўскі, як бы акунуліся ў атмасфэру, што жывіла творчасьць Андрэя Макаёнка.

Тут, як і пры жыцьці пісьменьніка, гарланяць на ўсю ваколіцу пеўні, ходзяць ягоныя гэроі – Лявоны ды Лушкі, дзяды Цыбулькі, прыязджаюць начальнікі Клёпкіны ды Гудзеевы, бухгалтары Ліхтаровы з “узорна запушчаных гаспадарак” гэтак сама ня зводзяць канцы з канцамі ў сваіх падрахунках.

Сын Андрэя Макаёнка Сяргей сказаў, што ягоны бацька “стаў клясыкам беларускай літаратуры таму, што ён ставіўся да людзей як да людзей.
І пра тое, што ёсцьць, гаварыў як ёсьць, і пра тое, чаго няма, казаў, што няма.”

А вось думка драматурга Аляксея Дударава, які Макаёнка лічыць сваім настаўнікам у літаратуры.

(Дудараў:) “Макаёнак і сапраўды адбыўся як Макаёнак таму, што жыў у вельмі складаны час, больш складаны, чым цяпер.
Але ён быў незалежным. Ён выказваў тое, што ён лічыў патрэбным выказаць. Ён гаварыў шчыра. Ён гаварыў адкрыта.
Ён быў дзіця, канечне, свайго часу. Ён верыў у тое, што камунізм магчыма пабудаваць. Ён гэтага не адмаўляў, але лічыў, што такім чынам, як мы яго тады, ці яны яго тады будавалі, гэта немагчыма зрабіць.”

Казімір Яноўскі, Журавічы

XS
SM
MD
LG