Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Перавесьці на расейскую мову Беларускі рэспубліканскі тэатар юнага гледача спрабуюць некаторыя ягоныя акторы.

Упершыню гэтая, так бы мовіць, ініцыятыва была публічна агалошаная напрыканцы мінулага тэатральнага сэзону. Гэта зрабіла на агульным сходзе калектыву акторка Сьвятлана Кліменка. Галоўны рэжысэр тэатру Андрэй Андросік успрыняў ініцыятыву нэўтральна, а прысутны на сходзе міністар культуры Аляксандар Сасноўскі, на рэакцыю якога, відаць, і разьлічаная яна была, выказаўся ў традыцыйнай для лукашэнскаўскіх чыноўнікаў манэры: маўляў, як вырашыць калектыў, гэтак і будзе.

Калектыў тады быў не адназначны. Некалькі чалавек падтрымалі ініцыянтку, некалькі выказаліся супраць. Частка палічыла за лепшае прамаўчаць. На тым і разыйшліся на летнія вакацыі. Новы сэзон тэатар распачаў гастролямі ў расейскім горадзе Екацярынбургу. І вось там падзабытая за лета ідэя зноў рэанімавалася. Вось што нам паведаміў загадчык літаратурнае часткі тэатру Артур Вольскі:

(Вольскі: ) “Тэатар зараз на гастролях у Екацерынбургу. Дык калі б на рускай мове, дык быў бы велізарны посьпех, а так беларускую не разумеюць.”

Аргумэнты ініцыятараў усё тыя ж: калі б, маўляў, па-расейску гастралявалі па Расеі, дык мелі б велізарны посьпех, а так ніхто не разумее. Гэткім чынам пры ацэнцы посьпеху тэатру на замежных гастролях робіцца сьвядомая падмена паняцьцяў, посьпех вызначаецца не мастацкімі вартасьцямі спэктакляў, а іхнаю моваю. Пры гэтым робіцца выгляд, што такая нібыта ўсясьветная практыка гастроляў нацыянальных тэатраў, і беларускія тут не выключэньне, хаця на самрэч — наадварот.

Цікава, што нават за савецкім часам гэта разумелі кампартыйныя чыноўнікі, бо спроба русыфікацыі тэатру, як высьветлілася, была й тады. Пра што сёньня ўзгадаўАртур Вольскі:

(Вольскі: ) “Узьнікалі спробы перавесьці тэатар на рускую мову і зрабіць яго дзьвюхмоўным яшчэ як Антановіч працаваў у ЦК. Я выступіў на нейкім вялікім форуме, я ўжо не памятаю – партыйным, ці якім. Я там прысутнічаў. Яшчэ Барташэвіч быў жывы. І мяне вышйэшае партыйнае начальства падтрымала, і зьнялі пытаньне аб пераводзе на рускую мову Тэатру юнага гледача.”

23 лістапада Тэатар юнага гледача вяртаецца ў Менск. Спадар Вольскі мяркуе, што пасьля расейскіх гастроляў ініцыятары захочуць зноў туды паехаць, але выступаць там ужо на мове гледачоў суседняе краіны.

(Вольскі: ) “Я думаю, што прыезд зь Екацерынбургу будзе новым штуршком да пераходу на дзьвюхмоўе.”

Дарэчы, ён падкрэсьліў, што ад беларускіх юных гледачоў ад самага пачатку працы тэатру, гэта значыць ад 1956 году, ніколі не было нараканьняў на мову спэктакляў. Гэтую праблему прыдумваюць дарослыя, і яшчэ невядома, ці са сваёй уласнае ініцыятывы выступае Сьвятлана Кліменка.

Валянціна Аксак, Менск

XS
SM
MD
LG