Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Усяго праз два дні, як чакаеццца, будзе абвешчанае імя новага прэзыдэнта ЗША. Але пакуль напружанасьць вакол пераліку галасоў выбаршчыкаў не зьніжаецца…

Хаця вярхоўны суд Флярыды адхіліў просьбу сакратара штату Кэтрын Гарыс аб спыненьні ручнога пераліку галасоў у некаторых паветах, яна па-ранейшаму настойвае на правамоцнасьці свайго рашэньня.

Сакратар штату Флярыда, якая пастанавіла скончыць пералік галасоў у сераду ва ўсіх выбарчых паветах без выключэньня, настойвае на сваім рашэньні. Учора позна ўвечары паводле мяйсцовага часу Кэтрын Гарыс заявіла ў сталіцы штату –Талагасі:

(Гарыс: ) “Хачу запэўніць грамадзкасьць, што маё рашэньне было ўзважаным, пасьлядоўным, незалежным, і, я лічу, правільным”.

Гарыс адхіліла прапанову некаторых выбарчых паветаў прызнаць на падставе рашэньня суду вынікі пераліку галасоў, падведзеныя пасьля заканчэньня усталяванага ёй тэрміну.

(Гарыс: ) “Рашэньне, якое я прыняла паводле заканадаўства Флярыды на сваю адказнасьць, не прадугледжвае паправак. Матывы гэткіх просьбаў ня могуць быць дастатковай падставай адмовіцца ад спыненьня падліку галасоў, якога аб’ектыўна вымагае заканадаўства…”

“Я чакаю, што пасьля атрыманьня, афармленьня і праверкі ўсіх пададзеных бюлетэняў з паветаў, дзяржаўная камісыя ў справе падліку галасоў канчаткова падвядзе вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Флярыдзе ў сыботу.” – сказала Кэтрын Гарыс.

У той жа дзень кандыдат дэмакратычнай партыі Эл Гор выступіў па тэлебачаньні з прапановай да кандыдата рэспубліканцаў Джорджа Буша скончыць сварку ў Флярыдзе.

Ён выказаўся таксама адносна ручнога пераліку галасоў у некаторых паветах штату:

(Гор: ) “Вынікі пераліку могуць быць, натуральна, далучаныя да ўжо спраўджаных галасоў, а таксама галасоў, якія будуць дасланыя з-за мяжы. У гэтым выпадку я пагаджуся з вынікам, я ня буду абскарджаваць яго і ня буду падтрымліваць ніякіх судовых захадаў з мэтай зьмяніць вынік.”

Адразу пасьля выступу Гора, як піша сёньняшння New York Times, Джордж Буш зьдзейсьніў імклівую начную паездку са свайго ранча ў Тэхасе ў сталіцу штату Остын, каб таксама выступіць перад тэлекамэрамі. Джордж Буш сказаў, у прыватнасьці.

(Буш: ) “Калі амэрыканцы глядзелі тэлебачаньне, яны самі пераканаліся, што ручны падлік стварае глебу для суб’ектыўных рашэньняў, якія вядуць да чалавечых памылак і ўмяшаньня палітыкаў у падліковы працэс. Кожны раз, калі выбарчыя бюлетэні трапляюць у чалавечыя рукі, гэта стварае магчымасьць шматлікіх памылак. Дадатковы ручны пералік галасоў, ужо лічаных і пералічаных, зробіць выбарчы працэс яшчэ менш дакладным.”

Буш не зьяўляўся перад гэтым на публіцы чатыры дні запар. Повадам для новага выступу сталася прапанова Гора аб сустрэчы, выказаная ім праз тэлебачаньне – піша NТ.

Буш сказаў, што сустрэнецца са сваім спаборнікам толькі пасьля таго, як будзе вядома, хто стаў прэзыдэнтам.

Рэспубліканцы ў Вашынтоне былі незадаволеныя тым, што Буш і ягоныя памочнікі дагэтуль былі недастакова актыўныя ў змаганьні за грамадзкую думку.

У сваім цяперашнім выступе Буш абвінаваціў Гора ў тым, што ён спрабуе маніпуляваць амэрыканскімі выбаршчыкамі. “Вынікі выбараў ня могуць быць вынікам угоды альбо ўздзьдзеяньня на грамадзкую думку, іх вызначаюць толькі выбаршчыкі і закон,” -сказаў Буш.

Паводле зьвестак Washington Post, на ўчорашні дзень больш як на 60-т выбарчых паветаў Флярыды былі дастаўленыя ўжо 1780 галасоў, дасланых поштай з-за мяжы. Газэта нагадвае, што пакуль Буш афіцыйна апярэджвае Гора на 300 галасоў.

Дэмакраты разьлічваюць на галасы грамадзянаў ЗША, якія жывуць зараз у Ізраілі і на тэрыторыі палестынскай аўтаноміі. З 45-і тысяч тамтэйшых амэрыканцаў 2500 паходзяць з Флярыды, і паводле апытаньняў газэты, асноўная частка іх магла прагаласаваць за Гора.

Віталь Тарас, Прага

XS
SM
MD
LG